Фото: t.me/E_V_Kovalchuk
У Рэчыцкім райвыканкаме расказалі падрабязнасці паездкі дзяцей, падчас якой адзін з аўтобусаў трапіў пад удар беспілотніка.
Перавозку ажыццяўлялі недзяржаўныя перавозчыкі, зарэгістраваныя ў Рэчыцкім і Калінкавіцкім раёнах. З Рэчыцы ў Геленджык ехалі 88 чалавек, у тым ліку 41 дзіця: 28 дзяцей з ДЮСШ №2 Рэчыцкага раёна і 13 дзяцей з прыватнай студыі танцаў. Некаторых суправаджалі бацькі, некаторых — іншыя дарослыя па даверанасці, паведамляе БелТА.
Каля 11 гадзін раніцы 17 чэрвеня паступілі паведамленні, што аўтобус з 43 пасажырамі быў пашкоджаны пры атацы дрона каля пасёлка Рудня Бранскай вобласці.
Паводле ўдакладненай інфармацыі, пацярпелі восем чалавек, адзін загінуў. Трэнер ДЮСШ шпіталізаваны ў цяжкім стане. У бальніцу таксама трапілі шэсць дзяцей з траўмамі рознай ступені цяжкасці.
Нагадаем, аўтобус з 28 дзецьмі трапіў пад удар беспілотніка ў Бранскай вобласці 17 чэрвеня. Следчы камітэт РФ заявіў, што дрон быў украінскім. У выніку ўдару загінула жонка трэнера ДЮСШ, якая суправаджала каманду. Восем чалавек пацярпелі.