Сібіга заклікаў узмацніць ціск на Лукашэнку
Рэдакцыя Reform.news · 22 верасня 2026, 09:25
https://reform.news/be/sibiga-zaklika-uzmacnic-cisk-na-lukashjenku/Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга на сайд-івенце з удзелам Святланы Ціханоўскай заклікаў узмацніць ціск на Лукашэнку за саўдзел у расійскай агрэсіі.
Украінскі міністр прыняў удзел у мерапрыемстве “Беларусь: саўдзельніца вайны Расіі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бяспецы”, якое было арганізавана Латвіяй на палях тыдня высокага ўзроўню 81-й сесіі Генасамблеі ААН.
“Ціск на рэжымы ў Маскве і Мінску будзе эфектыўным толькі тады, калі ён не будзе мець ніякіх выключэнняў і кампрамісаў. Расійскія ракеты не робяць выключэнняў, калі забіваюць мірных жыхароў ва Украіне. Таму не можа быць выключэнняў у ціску на іх, ні для расійскіх алігархаў, ні для беларускіх рэсурсаў”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, РФ працягвае выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю і рэсурсы для вайны супраць Украіны. Беларускія прадпрыемствы пастаўляюць кампаненты і матэрыялы для расійскага ВПК, а НПЗ забяспечваюць РФ палівам.
“Рэжым у Мінску неаддзельны ад рэжыму ў Маскве. Ён не мае суб’ектнасці. Таму ў нашай палітыцы ў дачыненні да Лукашэнкі не павінна быць ніякіх ілюзій або спробаў выдаваць жаданае за сапраўднае”, — сказаў ён.
Міністр таксама звярнуў увагу на гібрыдныя пагрозы з боку Беларусі для суседзяў з ліку краін ЕС і НАТА, у тым ліку міграцыйны ціск.
“Беларусь з’яўляецца саўдзельніцай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Мы зрабілі ўсе неабходныя юрыдычныя крокі, каб забяспечыць належнае прыцягненне да адказнасці. Лукашэнка і высокапастаўленыя службовыя асобы яго рэжыму павінны паўстаць перад правасуддзем у Спецыяльным трыбунале па злачынстве агрэсіі супраць Украіны, гэтак жа, як Пуцін і яго службовыя асобы”, — адзначыў Сібіга.
Пры гэтым украінскі міністр падкрэсліў неабходнасць аддзяляць рэжым Лукашэнкі ад беларускага народа, які паказаў імкненне да свабоды ў 2020 годзе. Ён таксама выказаў удзячнасць Святлане Ціханоўскай і адзначыў умацаванне дыялогу з беларускімі дэмсіламі.
“Разам абмяркоўваем шляхі супрацьдзеяння рэжыму Лукашэнкі. Я падтрымліваю санкцыйныя прапановы, вылучаныя Святланай і яе камандай”, — сказаў Сібіга.
Ён нагадаў, што МЗС Украіны прызначыла пасла па асаблівых даручэннях для ўзаемадзеяння з беларускімі дэмсіламі. Паводле яго слоў, Украіна таксама бачыць месца Беларусі ў Люблінскім трохкутніку, куды ўваходзяць таксама Літва і Польшча.
Сібіга перасцярог міжнародных партнёраў ад змякчэння адносін да Лукашэнкі на фоне вызвалення палітвязняў.
“Вызваленне невінаватых людзей заўсёды трэба вітаць. Але стаўленне да іх свабоды як да прадмета гандлю стымулюе браць новых закладнікаў і абменьваць іх вызваленне на тое, што патрабуецца яго рэжыму. Мы ўжо бачылі, як ён рабіў гэта з замежнымі грамадзянамі”, — канстатаваў міністр.
Сібіга падкрэсліў, што неабходна і далей узмацняць ціск на Лукашэнку, не дапускаць далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну і працягваць падтрымку беларускіх дэмсіл.
“Мы павінны гаварыць выразна: аслабленне ціску на Беларусь за яе ролю ў расійскай вайне пасылае і Маскве, і Мінску няправільны сігнал, што агрэсія акупляецца. Замест гэтага ціск трэба ўзмацняць”, — заключыў Сібіга.


