Reform.news

Прэм’ер Малдовы дапусціў увядзенне віз для беларусаў

Рэдакцыя Reform.news · 6 лістапада 2026, 14:15

https://reform.news/be/prjem-er-maldovy-dapusci-uvjadzenne-viz-dlja-belarusa/

Малдова можа адмяніць бязвізавы рэжым для грамадзян Беларусі, Расіі і яшчэ 9 краін у рамках узгаднення сваёй візавай палітыкі з патрабаваннямі Еўрасаюза. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Малдовы Васіле Тофан 5 кастрычніка ў праграме Cutia Neagră на тэлеканале TV8.

Ён адзначыў, што прывядзенне візавай палітыкі ў адпаведнасць з еўрапейскімі правіламі з’яўляецца абавязковай умовай для краін-кандыдатаў на ўступленне ў ЕС. Канкрэтныя тэрміны магчымага ўвядзення віз міністр не назваў.

«Мы хочам працягваць ісці па еўрапейскім шляху. Я не гатовы назваць дату. Калі гэтага патрабуюць нормы ЕС, я лічу, што мы павінны прыняць рашэнні, якія дазволяць нам прасунуцца ў працэсе еўрапейскай інтэграцыі», – заявіў Тофан.

Згодна з дакладам Еўрапейскай камісіі, Малдове неабходна ўзгадніць візавы рэжым з патрабаваннямі ЕС у дачыненні да грамадзян 11 дзяржаў: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Катара, Расіі, Таджыкістана, Турцыі, Узбекістана і Вануату. У цяперашні час грамадзяне гэтых краін могуць уязджаць у Малдову без віз.

Іншыя краіны-кандыдаты на ўступленне ў Еўрасаюз таксама паступова прыводзяць сваю візавую палітыку ў адпаведнасць з еўрапейскімі патрабаваннямі.

Так, Чарнагорыя з 1 лістапада 2026 года ўвяла візы для грамадзян Беларусі, Кітая, Расіі, Саудаўскай Аравіі і Турцыі.

Албанія адмяніла пастаянны бязвізавы рэжым для грамадзян Беларусі і часовыя візавыя паслабленні для грамадзян Бахрэйна, але працягвае прымяняць асобныя выключэнні, ад якіх мае намер паступова адмовіцца.

Боснія і Герцагавіна раней адмяніла бязвізавы рэжым для грамадзян Бахрэйна і Амана. У далейшым ёй трэба будзе ўвесці візы для грамадзян Азербайджана, Кувейта, Катара, Турцыі, Расіі і Кітая, а таксама адмяніць сезонны бязвізавы рэжым для грамадзян Саудаўскай Аравіі.

Рэклама

Пакінуць адказ