Шулейка разлічвае на ўраджай у 11 млн тон

У Беларусі разлічваюць атрымаць ураджай збожжа ў 11 млн т. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка.

“З зімы мы рыхтаваліся да правядзення вясновых палявых работ. Быў вельмі вялікі снег, няпростая пасяўная, але ў гэтым годзе ўсё ідзе па плане. Мы ўжо займаемся нарыхтоўкай кармоў, бачым вегетацыю нашых асноўных культур. Спадзяёмся атрымаць не менш за 11 млн т збожжа”, — цытуе яго прэс-служба ўрада.

У мінулым годзе Мінсельгасхарч разлічваў на аналагічныя паказчыкі. У выніку валавы збор збожжавых і зернебабовых культур у 2025 годзе склаў 9,15 млн т у вазе пасля дапрацоўкі. Аднак, каб атрымаць больш прыгожыя даныя, чыноўнікі ў апошнія гады сталі залічваць ва ўраджай збожжа і насенне рапсу. У мінулым годзе яго вытворчасць склала 910,3 тыс. т.

У дзяржаўнай праграме «АПК будучыні» на 2026–2030 гады прадугледжана, што сёлета ўраджай збожжавых павінен скласці амаль 9,1 млн т, а рапсу — 1,1 млн т.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!