Бяляцкі атрымаў узнагароду Еўрапейскага цэнтра салідарнасці

Праваабаронца, нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі атрымаў Узнагароду Салідарнасці і Правоў Чалавека Еўрапейскага цэнтра салідарнасці. Яна была ўручана яму падчас Форуму Касцюшкі, які праходзіць у Гданьску, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Ганаровую ўзнагароду старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» ўручыла дырэктарка Цэнтра Магдалена Містат.

Узнагарода прысуджаецца людзям, якія праявілі выключную адданасць справе абароны правоў чалавека не толькі ў грамадзянскай супольнасці, але і ў такіх сферах, як культура, навука і адукацыя.

“Гэтая ўзнагарода для мяне асабліва ганаровая. Салідарнасць з усімі, чыю свабоду і годнасць спрабуюць адабраць і прынізіць, — гэта прынцып, якога я стараюся прытрымлівацца ўсё жыццё. Салідарнасць у абароне фундаментальных правоў чалавека, у абароне вязняў сумлення і права народа на выбар свайго незалежнага шляху. Я нясу ў душы каштоўнасці сумеснай барацьбы з савецкім таталітарызмам і расійскім імперыялізмам нашых народаў Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі. Я цвёрда ведаю: калі салідарнасць перасякае нацыянальныя межы, яе немагчыма спыніць.

Імёны папярэдніх лаўрэатаў узнагароды, стваральнікаў і натхняльнікаў польскай «Салідарнасці» ў 80-м годзе даходзілі да нас, удзельнікаў беларускага незалежнага руху, праз перашкоды савецкай цэнзуры. Польская «Салідарнасць» для нас была сведчаннем таго, што супраціўляцца злу магчыма і неабходна, што гістарычная перамога настане. Стаяць у адным шэрагу з вамі — гэта і гонар, і вялікая адказнасць для мяне, бо ў маёй краіне наша місія яшчэ не выканана. Беларускі народ не змірыўся, гэта засведчылі беспрэцэдэнтныя падзеі 2020 года, дух якіх жыве”, — заявіў Бяляцкі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!