Фото: СБУ
Служба бяспекі Украіны заявіла пра ўзмацненне мер бяспекі на мяжы з Беларуссю і Расіяй. Комплекс мер у паўночных абласцях краіны праводзіцца ў выкананне рашэння прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
“Указаныя меры беспрэцэдэнтныя па колькасці прыцягнення сіл і сродкаў на тэрыторыях, што мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, і будуць дзейсным стрымліваючым фактарам на любыя агрэсіўныя дзеянні або аперацыі ворага і яго саюзніка.
Адпаведную працу каардынуе Антытэрарыстычны цэнтр пры СБУ, а акрамя падраздзяленняў Службы бяспекі ўдзельнічаюць таксама Нацыянальная паліцыя, Узброеныя сілы, Нацыянальная гвардыя і Дзяржаўная памежная служба.
Комплексныя мерапрыемствы прадугледжваюць маштабныя дзеянні на апярэджанне ў сферы контрвыведнай і контрдыверсійнай абароны на тэрыторыі Чарнігаўскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Валынскай і Ровенскай абласцей”, – гаворыцца ў заяве СБУ.
Праца накіравана на супрацьдзеянне пранікненню праціўніка, дыверсіям, падрыўной і разведвальнай дзейнасці.
У названых рэгіёнах сілавікі будуць праводзіць узмоцненую праверку грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі, дзе ўведзены ўзмоцненыя меры бяспекі. Таксама яны будуць праводзіць агляд тэрыторыі і асобных памяшканняў для выяўлення забароненых прадметаў. Праца праходзіць з улікам прававога рэжыму ваеннага становішча.
У СБУ папярэдзілі, што магчыма абмежаванне праходу і праезду па вуліцах асобных населеных пунктаў, праверка дакументаў грамадзян і агляд аўтамабіляў.