Фото: СБУ, Facebook
Служба бяспекі Украіны заяўляе, што перахапіла дакумент па інцыдэнце з аўтобусам у Бранскай вобласці, які абвяргае расійскую версію пра ўдар украінскага беспілотніка. Дакумент быў атрыманы ў ходзе контрразведвальных мерапрыемстваў СБУ.
Апублікаваны дакумент — даведка маніторынгавага цэнтра «Дзяржаўнай казённай установы Бранскай вобласці „Бяспечны рэгіён“», падпісаная галоўным інжынерам маніторынгавага цэнтра С. В. Кліменкавай.
Даведка называецца «Бранская вобласць траса А-240 інцыдэнт з аўтобусам, які рухаўся па маршруце Рэчыца (Рэспубліка Беларусь) — Геленджык (Расія)». У ёй пазначана, што ў момант удару па аўтобусе ў паветранай прасторы раёна беспілотнікі не фіксаваліся.
Змест даведкі:
«У 10:00:58 у ПЗ Dashboard РС АШ ЕНЦ з сістэмы-112 паступіў зварот: са слоў заяўніка, прылёт БПЛА ў аўтобус, ёсць пацярпелыя, траса А-240 ад Рудні ў бок Унечы. Заяўнік — вайсковец МА РФ.
На момант паступлення інфармацыі ў РС АШ ЕНЦ фіксацый пралётаў БПЛА ў Пачэпскім раёне не было (у 9:40 была фіксацыя пралёту БВС у Сеўскім раёне).
Дзяжурны па радыёлакацыйным батальёне (Супонева) фіксацыі ў месцы інцыдэнту не пацвярджае. Інфармацыя атрымана ў 10:40 прыкамандзіраваным прадстаўніком СПА ст. лейтэнантам Грыгор’евым І.Ю. Удакладнена ў 11:33 намеснікам дырэктара ДРБ Раманьковым А.А.
Дзяжурным 32-й дывізіі фіксацыі пралётаў БВС на дадзеным участку падчас інцыдэнту таксама не пацвярджаюцца. Інфармацыя атрымана ў 11:04 прыкамандзіраваным прадстаўніком СПА ст. лейтэнантам Грыгор’евым І.Ю. Паводле інфармацыі ад прадстаўніка 32-й дывізіі Сямёнава І.В., атрыманай у 11:27 намеснікам дырэктара ДРБ Раманьковым А.А., сродкаў паражэння праціўніка ў месцы інцыдэнту не фіксавалася.
Інфармацыя пра інцыдэнт пацверджана прыкамандзіраваным прадстаўніком УМУС Расіі па Бранскай вобласці ст. лейтэнантам паліцыі Шкапо Е.Э. (звесткі прадастаўлены аператыўным дзяжурным маёрам паліцыі МА МУС Расіі «Пачэпскі» Чавычалавым А.Е. у 10:27)».
На думку СБУ, дакумент дае падставы меркаваць, што ўдар па аўтобусе з’яўляецца спецаперацыяй расійскіх спецслужбаў.
Сёння Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беспілотнік, які ўдарыў па аўтобусе, быў украінскім, і даручыў высветліць праўду. Украіна адмаўляе сваю датычнасць да атакі і заяўляе пра правакацыю з боку Расіі.