Фото: СБУ
Служба бяспекі Украіны абвясціла пра затрыманне ў Кіеве агента, які працаваў на расійскія і беларускія спецслужбы.
«Па замове Памежнага камітэта Беларусі ён шпіёніў за лакацыямі Сіл абароны», — гаворыцца ў паведамленні СБУ.
Заданне расійскіх спецслужбаў датычылася карэкціроўкі ўдараў па энергааб’ектах Кіеўскай вобласці. СБУ задакументавала, як затрыманы вёў назіранне з акна ўласнай кватэры за перыметрам адной з кіеўскіх ЦЭЦ. Сабраную інфармацыю ён перадаваў расійскім заказчыкам.
Затрыманы — рознарабочы. Ён быў завербаваны праз Telegram, дзе публікаваў прарасійскія каментары. Мужчына разлічваў на далейшую «эвакуацыю» за межы Украіны. Для гэтага падрыхтаваў тактычны заплечнік з рэчамі першай неабходнасці, якія планаваў выкарыстаць падчас нелегальнага перасячэння мяжы.
Мужчыну прад’яўлена падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе.