Рыжанкоў у ААН прапанаваў Беларусь у якасці пляцоўкі для мірных перамоў Расіі і Украіны
Рэдакцыя Reform.news · 27 верасня 2026, 07:48
https://reform.news/be/ryzhanko-u-aan-prapanava-belarus-u-jakasci-pljaco-ki-dlja-mirnyh-peramo-rasii-i-ukrainy/Беларусь гатовая садзейнічаць дасягненню міру ва Украіне і зноў выступіць пляцоўкай для перамоў. Пра гэта міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў заявіў 26 верасня на агульнапалітычнай дыскусіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
«Мы даказалі сваю здольнасць выступаць у якасці надзейнай перамоўнай пляцоўкі. Мы гатовыя і далей рабіць усё магчымае для найхутчэйшага дасягнення міру ва Украіне», — сказаў Рыжанкоў, выступленне якога апублікавана на сайце МЗС Беларусі.
Міністр заклікаў «да найхутчэйшага пачатку рэальных перамоў». Пры гэтым ён не прадставіў канкрэтнай прапановы аб пасярэдніцтве, складзе ўдзельнікаў або фармаце магчымай сустрэчы. У прамове гаварылася пра гатоўнасць Беларусі даць перамоўную пляцоўку і садзейнічаць мірнаму працэсу.
Рыжанкоў таксама выклаў пазіцыю Мінска адносна ўмоў урэгулявання. Паводле яго слоў, «любы ўстойлівы мір» немагчымы без ліквідацыі таго, што рэжым у Мінску лічыць першапрычынамі вайны. Да іх міністр аднёс планы ўступлення Украіны ў НАТА і невыкананне Мінскіх пагадненняў.
«Гэта і невыкананне Мінскіх пагадненняў, якія былі адзіным легітымным шляхам да міру. Нагадаю, выкананне гэтых пагадненняў сабатавалася з тым, каб зацягнуць час і даць магчымасць Украіне пераўзброіцца, а гэта прызналі ўсе заходнія палітыкі зусім нядаўна», — паўтарыў Рыжанкоў тэзісы расійскай прапаганды.
Ён заявіў, што пастаўкі зброі Украіне вядуць да далейшага разбурэння краіны.
«Бясконцае напампоўванне Украіны зброяй вядзе толькі да знішчэння самой Украіны і яе народа», — выказаў папрок кіраўнік МЗС краіны, якая дала тэрыторыю для нападу на Украіну.
Значную частку выступлення кіраўнік МЗС прысвяціў крытыцы Еўрасаюза і заходніх краін. Ён сцвярджаў, што ЕС не імкнецца да міру ва Украіне і зацікаўлены ў працягу канфлікту дзеля аслаблення Расіі.
Рыжанкоў зноў заявіў пра жаданне ўдзельнічаць у пошуку рашэння расійска-ўкраінскай вайны, перш за ўсё ў якасці перамоўнай пляцоўкі. Пра якія-небудзь дамоўленасці з Украінай і Расіяй з гэтай нагоды міністр не паведаміў.
«Мы заклікаем да найхутчэйшага пачатку рэальных перамоў, якія прывядуць да ўстойлівага міру», — рэзюмаваў міністр.
