Рыжанкоў спадзяецца на аднаўленне адносін з Польшчай

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў разлічвае, што Беларусь адновіць адносіны са сваімі суседзямі з ЕС, і хутчэй за ўсё — з Польшчай.

«Безумоўна», — адказаў міністр на пытанне БелТА, ці варта чакаць пацяплення адносін з еўрапейскімі суседзямі.

Кіраўнік беларускага МЗС спадзяецца, што Польшча «падвядзе рысу» пад гісторыяй з тымі беларусамі, якія з’ехалі з краіны, і пачне супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі.

«Калі шчыра, найбольш за ўсё я разлічваю, што хутчэй за ўсё ўзаемадзеянне адновіцца з Польшчай. Гэта краіна, якая бачыць сябе рэальным рэгіянальным лідарам і робіць усё, каб гэтага дасягнуць — праводзіць прагматычную палітыку, у якой не можа дапусціць белых плям. Шлях з нашымі беглымі — гэта шлях у нікуды. Думаю, яны гэта зразумеюць, падвядуць рысу пад гэтай гісторыяй і пачнуць выбудоўваць супрацоўніцтва ў інтарэсах народаў па абодва бакі мяжы, вяртацца да гандлёва-эканамічнага і міжчалавечага ўзаемадзеяння з Беларуссю», — заявіў Рыжанкоў.

Літву Рыжанкоў назваў непрадказальнай і заявіў, што Мінск будзе думаць, ці варта аднаўляць супрацоўніцтва.

«Літва — краіна, у якой палітыкі, на жаль, не думаюць і не збіраюцца думаць пра свой народ. Яны абавязаны сваімі пасадамі не літоўскаму народу, а брусельскім або вашынгтонскім абкамам. І будуць рабіць усё, што ім адтуль скажуць. Гэтым яны непрадказальныя. Складана працаваць з партнёрам, які прачынаецца з галаўным болем, а засынае — з зубным, ад чаго ў яго змяняецца настрой. І калі адкрыецца акно магчымасцяў для аднаўлення супрацоўніцтва, трэба будзе некалькі разоў падумаць, наколькі адкрываць гэта акно і ці трэба ўвогуле яго адкрываць», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.

Рыжанкоў таксама згадаў адносіны з ЗША. На яго думку, выбудоўванне зносін з Дональдам Трампам стала ключавым вынікам знешняй палітыкі Беларусі за год.

«Ключавы вынік знешнепалітычнай дзейнасці ў 2025 годзе — выбудоўванне даверлівых зносін з прэзідэнтам ЗША. Мы ўсе бачым, як словы і дзеянні Дональда Трампа пераварочваюць Еўрапейскі саюз. А наш прэзідэнт размаўляе з ім на роўных, абмяркоўваючы розныя тэмы. І меркаванне беларускага Прэзідэнта па ўкраінскай тэматыцы, па Венесуэле і іншых тэмах каштоўнае для амерыканскага лідара. Наш карабель у бурлівым моры ідзе сваім курсам, і гэта заслуга таго, хто стаіць за штурвалам», — пахваліў Аляксандра Лукашэнку Рыжанкоў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!