Рыжанкоў асабіста падтрымаў Кубу

Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў сёння сустрэўся з паслом Кубы Санцьяга Перэсам Бенітэсам.

Як распавялі ў прэс-службе МЗС, абмяркоўвалася сітуацыя вакол Кубы. Міністр «выказаў нязменную падтрымку братэрскаму кубінскаму народу, пацвердзіўшы пазіцыю Мінска аб непрымальнасці прымянення аднабаковых прымусовых мер». Ён таксама падкрэсліў неабходнасць вырашэння рознагалоссяў шляхам мірнага дыялогу і ў рамках міжнароднага права.

Нагадаем, раней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб увядзенні пошлін у дачыненні да краін, якія пастаўляюць Кубе нафту і нафтапрадукты. Гэта прывяло да фактычнай блакады такіх паставак на востраў, дзе разгарэўся энергетычны крызіс. Палёты на Кубу былі прыпынены з-за немагчымасці запраўкі самалётаў. РФ арганізоўвала вываз з вострава беларускіх і расійскіх турыстаў.

Падчас сустрэчы Рыжанкоў і Бенітэс таксама выказалі агульную нацэленасць на працяг сумеснай працы па падтрымцы станоўчай дынамікі беларуска-кубінскіх кантактаў, адзначыўшы зладжаныя намаганні Мінска і Гаваны па рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых падчас узаемных візітаў на вышэйшым і высокім узроўнях у 2025 годзе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!