Румынія падымала знішчальнікі з-за залёту расійскага дрона

Увечары 25 лютага беспілотнік уварваўся ў паветраную прастору Румыніі.

Як паведамляе Міністэрства абароны Румыніі, падчас атакі Расіі на ўкраінскія парты на Дунаі беспілотнік увайшоў у паветраную прастору краіны ў раёне Сфынту-Георге і пакінуў Румынію, праляцеўшы над тэрытарыяльнымі водамі, «не ствараючы пагрозы жыццю людзей».

У 17:50 з авіябазы Фетэшць былі падняты два знішчальнікі F-16. Жыхары паўночнай часткі румынскага павета Тулча атрымалі апавяшчэнне Ro-Alert. У 18:45 меры павышанай гатоўнасці былі адменены. Абломкаў беспілотніка выяўлена не было.

«Міністэрства нацыянальнай абароны рашуча асуджае атакі Расійскай Федэрацыі на ўкраінскую грамадзянскую інфраструктуру. Гэтыя дзеянні ўяўляюць сабой сур’ёзнае парушэнне міжнароднага права і пагрозу рэгіянальнай бяспецы», — заяўляе Міністэрства абароны Румыніі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!