Рэпрэсіі ў Беларусі ўключаюць сістэматычную перабудову культурнай прасторы — спецдакладчык ААН

Рэпрэсіі ў Беларусі накіраваныя на сістэматычную перабудову культурнай прасторы, сістэмы адукацыі, выкарыстання мовы і гістарычных наратываў. Такую выснову зрабіў спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў нашай краіне Нілс Муйжніекс.

Апублікаваны ў рамках 62-й сесіі Савета ААН па правах чалавека даклад уключае агляд сітуацыі за перыяд з красавіка 2025 года па сакавік 2028 года.

“Беларусь працягвае сістэматычна і груба парушаць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, працягваючы палітычна матываваныя рэпрэсіі і цалкам падаўляючы свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыі”, — гаворыцца ў дакладзе.

У ім адзначана, што ў 2025–2026 гадах былі вызваленыя каля 400 палітвязняў. Такія крокі можна вітаць, аднак прымусовая высылка з Беларусі многіх вызваленых сведчыць пра адсутнасць агульнага паляпшэння стану грамадзянскіх і палітычных правоў.

“Рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі за межы пераследу палітычных актывістаў і цяпер уключаюць у сябе сістэматычную перабудову культурнай прасторы, сістэмы адукацыі, выкарыстання мовы і гістарычных наратываў. Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасць, а таксама моўная прыналежнасць усё часцей разглядаюцца як прыкметы палітычнай апазіцыі”, — падкрэсліваецца ў дакладзе.

За справаздачны перыяд спецдакладчык накіраваў Беларусі 12 паведамленняў, уключаючы лісты са сцвярджэннямі аб парушэннях і тэрміновыя заклікі.

“Спецыяльны дакладчык вітае сем адказаў урада на гэтыя паведамленні, прадстаўленых на рускай мове. Акрамя таго, ён станоўча ацэньвае паведамленні аб вызваленні некалькіх зняволеных, справы якіх былі даведзеныя да ведама ўрада мандатарыямі спецыяльных працэдур. Аднак ён выказвае шкадаванне з нагоды таго, што большасць меркаваных парушэнняў застаюцца па-за ўвагай”, — гаворыцца ў дакладзе.

У ім таксама адзначаецца неправамернае прымяненне законаў аб барацьбе з тэрарызмам і супрацьдзеянні экстрэмізму, якія выкарыстоўваюцца для пераследу прадстаўнікоў апазіцыі, праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў, у тым ліку дзеячаў культуры і навукі. Спецдакладчык акцэнтуе ўвагу на парушэнні права на жыццё і фізічную недатыкальнасць, адзначаецца парушэнне правоў асоб, пазбаўленых волі, у тым ліку якое выяўляецца ў жорсткім абыходжанні са зняволенымі, нечалавечых умовах утрымання, неаказанні медыцынскай дапамогі.

Адзін з раздзелаў даклада прысвечаны транснацыянальным рэпрэсіям, якія ўключаюць завочныя судовыя працэсы, ціск на сваякоў.

У дакладзе адзначаецца, што дзяржаўная палітыка прывяла да маргіналізацыі адной з дзвюх дзяржаўных моў, беларускай, а яе захаванне, выкарыстанне і папулярызацыя пакутуюць ад палітызацыі.

Спецыяльны дакладчык выказаў глыбокую заклапочанасць тым, што ўлады праводзяць палітыку сістэматычных рэпрэсій супраць дзеячаў культуры і прызнаюць незалежныя культурныя ініцыятывы экстрэмісцкімі групамі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!