Савет дырэктараў Банка Расіі вырашыў зрабіць паўзу ў зніжэнні ключавой стаўкі. Паводле вынікаў пасяджэння ключавая стаўка захаваная на ўзроўні 14% гадавых.
У апошнія месяцы расійскі рэгулятар змяншаў крок зніжэння стаўкі. Вясной і летам мінулага года ён зніжаў стаўку на 1 п.п., пачынаючы з верасня 2025 года крок зніжэння складаў 0,5 п.п, а летам гэтага года Банк Расіі зніжаў стаўку толькі на 0,25 п.п.
Мяркуючы па заяве Банка Расіі, яго рашэнне матывавана ў тым ліку атакамі беспілотнікаў на НПЗ і сітуацыяй на паліўным рынку.
“Бягучы цэнавы ціск у апошнія месяцы істотна ўзмацніўся. Паводле ацэнкі Банка Расіі, устойлівы рост цэн паскорыўся да 5–6% у пераліку на год, перш за ўсё з-за ўплыву часовага скарачэння вытворчых магутнасцяў у асобных галінах. Па меры вычарпання гэтых эфектаў і пры стрыманым росце сукупнага попыту зніжэнне ўстойлівай інфляцыі адновіцца”, – гаворыцца ў заяве.
У базавым сцэнары гадавая інфляцыя ў РФ складзе сёлета 6-7% і вернецца да 4% у 2027 годзе.
У ліпені бягучы рост цэн з папраўкай на сезоннасць склаў 11,6% у пераліку на год пасля 5,3% у сярэднім у другім квартале. Аналагічны паказчык базавай інфляцыі павялічыўся да 7,0% пасля 4,6% у сярэднім у папярэднім квартале. На дынаміку цэн уплывалі ў асноўным маторнае паліва і пладова-агароднінная прадукцыя.
“Інфляцыйныя чаканні насельніцтва, бізнесу і ўдзельнікаў фінансавага рынку змяніліся рознанакіравана. Пры гэтым яны застаюцца павышанымі, што можа перашкаджаць устойліваму запаволенню інфляцыі.
Паводле аператыўных даных, у 3к26 эканоміка расце ўмеранымі тэмпамі. Рост спажывецкага попыту запавольваецца, але застаецца павышаным. Працягваецца аднаўленне інвестыцыйнай актыўнасці ў параўнанні з узроўнямі пачатку года”, – гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, Расія з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі. Памер ключавой стаўкі ў РФ уплывае на кошт крэдытаў у гэтай краіне, а таксама ўскосна і на попыт на беларускія тавары, у першую чаргу інвестыцыйныя.
