Фото: t.me/RusEmbassyMinsk
Дэлегацыя расійскага пасольства ў Беларусі на чале з саветнікам-пасланнікам Уладзімірам Ваньке наведала з рабочым візітам Магілёў, дзе абмеркавала перспектывы развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы эканомікі і гандлю, а таксама па лініі гуманітарных абменаў.
У ходзе сустрэч з кіраўніцтвам Магілёўскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў бакі таксама разгледзелі пытанні гуманітарных абменаў.
“Адзначана, што Магілёў актыўна ўзаемадзейнічае больш чым з 25 гарадамі Расіі. Устойлівую пазітыўную дынаміку паказвае ўзаемны тавараабарот, актыўна развіваюцца культурныя сувязі, штогод расце колькасць расійскіх турыстаў, якія жадаюць наведаць гэты рэгіён Беларусі”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе расійскай дыпмісіі.
Удзельнікі перамоў таксама абмеркавалі практычныя аспекты адкрыцця ў Магілёве аддзялення пасольства РФ. Ваньке нагадаў, што ў цяперашні час расійскія дыпламатычныя ўстановы ў Беларусі прадстаўлены пасольствам у Мінску і генеральнымі консульствамі ў Брэсце і Гродне.
«Акрамя Магілёва, ідзе падрыхтоўка да адкрыцця аддзяленняў пасольства ў Віцебску і Гомелі. Упэўнены, што такі крок надасць новы імпульс нашаму міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву», — лічыць расійскі дыпламат.
Акрамя таго, дэлегацыя наведала Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. На сустрэчы з рэктарам Міхаілам Лустэнкавым Ваньке пацвердзіў гатоўнасць расійскага боку аказваць “садзейнічанне ў рэалізацыі ініцыятыў”, накіраваных на падрыхтоўку “кваліфікаваных кадраў для высокатэхналагічных галін эканомікі і прамысловасці Саюзнай дзяржавы”.