Ціханоўская заклікала ЕС не ісці па прыкладзе ЗША, здымаючы санкцыі з Беларусі

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская заклікала Еўрапейскі саюз не паўтараць падыход ЗША да аслаблення санкцый супраць Беларусі ў абмен на вызваленне палітвязняў. У інтэрв’ю выданню Politico яна заявіла, што санкцыі застаюцца «вельмі важнымі і эфектыўнымі інструментамі», здольнымі змяніць паводзіны рэжыму.

Паводле яе слоў, амерыканскі, больш «транзакцыйны» падыход мае свае плюсы, аднак гэта не павінна падштурхоўваць ЕС ісці тым жа шляхам.

«Амерыканскія санкцыі — за вызваленне людзей, еўрапейскія санкцыі — за вызваленне краіны», — падкрэсліла яна.

Ціханоўская таксама заявіла, што і Украіна, і Беларусь пакутуюць ад імперыялістычнага прыгнёту Расіі. На яе думку, Кіеў і Мінск у будучыні павінны «працаваць разам», хоць прызнала, што ўкраінцы не даруюць Беларусі за садзейнічанне расійскаму ўварванню. Пры гэтым яна выказала надзею, што Украіна дапаможа Беларусі стаць свабоднай.

Гаворачы пра санкцыйную палітыку, лідар дэмсіл адзначыла, што цяпер Еўропа для Лукашэнкі стала «дрэнным паліцэйскім». Калі раней, паводле яе слоў, «добрым паліцэйскім» лічылася Еўропа, а «дрэнным» — ЗША, то цяпер ролі змяніліся: ЕС узмацняе ціск на Мінск, тады як Вашынгтон пайшоў на змякчэнне абмежаванняў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!