Карты Paysera перасталі працаваць у Беларусі

Плацежныя карты літоўскага анлайн-банка Paysera з 11 лютага перасталі працаваць на тэрыторыі Беларусі. Пра праблемы паведамілі карыстальнікі профільных чатаў пра перасячэнне мяжы, піша Office Life.

Па іх словах, аперацыі па картах сталі адхіляцца, а беларускія кліенты атрымалі апавяшчэнні ад банка пра тое, што транзакцыі ў Беларусі «будуць безвыніковымі».

«Карты Paysera не могуць быць выкарыстаны ў Беларусі (…). Гэтыя меры з’яўляюцца часткай мер Paysera па выкананні міжнародных санкцый», гаворыцца ў паведамленні банка.

З даступных функцый засталася толькі магчымасць праверкі балансу праз банкаматы.

Да гэтага часу Paysera заставаўся адзіным літоўскім банкам, картамі якога можна было разлічвацца ў Беларусі. У мінулым годзе шэраг еўрапейскіх неабанкаў закрыў рахункі грамадзянам Беларусі, адкрытыя на падставе працоўных віз катэгорыі D.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!