Расія ўначы атакавала Украіну ракетамі і дронамі. Загінуў чалавек, сярод параненых – дзеці

У ноч на 26 ліпеня расійскія войскі нанеслі чарговы масіраваны ўдар па тэрыторыі Украіны, ужыўшы ракеты і беспілотнікі.

Як паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, у Харкаве ўдарны беспілотнік трапіў у жылыя дамы. У выніку атакі загінуў адзін чалавек, яшчэ 9 атрымалі раненні, у тым ліку двое дзяцей.

Акрамя таго, падраздзяленні Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях працягваюць ліквідаваць пажар у будаўнічым гіпермаркеце ў Крывым Рогу, які ўзнік пасля ўдару.

Паводле інфармацыі ўкраінскага лідара, усяго за ноч Расія выпусціла па Украіне 8 ракет і 136 беспілотнікаў розных тыпаў. Пад ударамі апынуліся Херсонская, Данецкая, Днепрапятроўская, Харкаўская, Сумская, Адэская, Мікалаеўская, Запарожская, Чарнігаўская вобласці, а таксама Кіеў.

Па ўкраінскай сталіцы быў нанесены ўдар балістычнымі ракетамі, пацярпелі тры чалавекі.

“Усяго за гэты тыдзень расіяне ўжылі супраць Украіны амаль 1700 дронаў, больш за 1630 авіябомбаў і 95 ракет розных тыпаў, сярод іх больш за палову — балістычныя. Штодня мы працуем з партнёрамі, каб у нашых воінаў было чым супрацьстаяць гэтым ударам. Трэба сарваць планы Расіі па балістычным тэроры. І таму вельмі важна, каб пастаўкі сродкаў супрацьракетнай абароны паступалі своечасова. Кожная ракета-перахопнік цяпер літаральна дапамагае ратаваць жыцці людзей, калі яна знаходзіцца тут, ва ўкраінскіх сістэмах, а не на складах партнёраў”, – заявіў ён.

Міністр унутраных спраў Украіны Іван Выгоўскі паведаміў, што ўсяго гэтай ноччу расійскія ўдары закранулі 10 рэгіёнаў краіны. Найбольш сур’ёзныя разбурэнні зафіксаваныя ў Сумскай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай абласцях і Кіеве.

У сталіцы раненні атрымалі двое мужчын і жанчына. Пашкоджаныя грамадзянскія аб’екты, у тым ліку фармацэўтычная кампанія і склад пітной вады.

У Сумскай вобласці за ноч было нанесена каля 10 удараў беспілотнікамі. Пашкоджаныя шматкватэрны і прыватныя жылыя дамы, аўтазаправачная станцыя і крамы.

У Харкаўскай вобласці ў выніку начных абстрэлаў пацярпелі два чалавекі, уключаючы дзіця. Пазней раніцай Расія зноў нанесла ўдар па прыватным сектары Харкава. 1 чалавек загінуў, сярод пацярпелых — двое дзяцей. Пашкоджаныя не менш за 14 прыватных дамоў.

У Крывым Рогу працягваецца ліквідацыя маштабнага пажару ў будаўнічым гіпермаркеце, плошча якога перавысіла 16 тысяч квадратных метраў. Пажар удалося лакалізаваць, але яго тушэнне ўскладняецца паветранымі трывогамі, якія працягваюцца, і пагрозай паўторных удараў.

Паветраныя сілы УСУ паведамілі, што ўкраінская супрацьпаветраная абарона паразіла адну з дзвюх крылатых ракет, 5 з 7 балістычных ракет «Іскандэр-М»/С-400, а таксама 104 з 136 расійскіх беспілотнікаў. Зафіксаваныя траплянні дзвюх балістычных ракет і 27 ударных дронаў на 18 аб’ектах. Абломкі збітых цэляў упалі яшчэ ў 7 лакацыях.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!