Фото: ГСЧС Украины
Расія сёння ноччу нанесла масіраваны ўдар па ўкраінскіх гарадах. Ужываліся беспілотнікі, а таксама балістычныя і крылатыя ракеты. Пад ударам апынуліся Кіеў, Харкаў і Дняпро.
У Кіеве разбураны жылы пяціпавярховы дом, адбыўся пажар на тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі. Яшчэ ў адным месцы ўзнік пажар і былі разбурэнні на 26-м паверсе гмаха. Таксама зафіксаваныя трапленні па тэрыторыі АЗС, адміністрацыйнага будынка, ёсць пашкоджанні ў шматпавярховых дамах. Паводле інфармацыі Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях, пацярпелі тры чалавекі.
У Харкаве ўдары наносіліся па энергетычнай інфраструктуры. Гарадскія ўлады былі вымушаныя зліць цепланосбіт з магістралі. Без ацяплення засталіся 820 дамоў. Ёсць перабоі ў працы гарадскога электратранспарту. У горадзе пацярпелі два чалавекі. У вобласці без электразабеспячэння засталіся два населеныя пункты.
Выбухі таксама гучалі ў Сумах, Дняпры, Вінніцы.
Польскія вайскоўцы на фоне расійскай атакі павышалі гатоўнасць СПА і ўзнімалі ў паветра знішчальнікі.
Дапоўнена:
У Кіеве 1170 дамоў у Дарніцкім і Дняпроўскім раёнах засталіся без цяпла. У Адэскай вобласці больш за 50 тыс. абанентаў застаюцца без электраэнергіі.