Расійскія войскі нанеслі ўдар па лакаматыве пасажырскага цягніка на Валыні прыкладна за два кіламетры ад мяжы Украіны з Польшчай, паведамляе «Укрзалізниця».
“Другія суткі запар вораг наносіць удары па чыгунцы. Сёння на Валыні, за два кіламетры ад мяжы з Польшчай, вораг нанёс удар па лакаматыве пасажырскага цягніка. Маніторынгавая група своечасова папярэдзіла цягніковую брыгаду пра пагрозу, дзякуючы чаму ніхто не пацярпеў. Працягваем адсочваць паветраныя пагрозы, забяспечваць рух цягнікоў і прымаць максімальныя меры для бяспекі пасажыраў і чыгуначнікаў”, – праінфармавалі ва “УЗ”.
Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга заклікаў краіны ЕС і НАТА ўзмацніць санкцыі супраць Расіі пасля ўдару па чыгуначнай інфраструктуры паблізу мяжы з Польшчай.
“Варварскія ўдары Расіі па ўкраінска-польскім памежным пункце «Ягадзін» — гэта не проста працяг атак на межы нашай дзяржавы. Гэта тэрор Пуціна, які «стукае» проста ў дзверы ЕС і НАТА. Расійскія варвары каля вашых варот, дарагія партнёры.
Дзейнічайце неадкладна: абрыньце ўвесь цяжар вашых санкцый на агрэсіўны рэжым Пуціна.
Няхай Масква адчуе наступствы свайго тэрору. Не паўмеры, а бескампрамісныя, магутныя крокі. Поўнае гандлёвае эмбарга. Поўная забарона на ўезд. Поўныя санкцыі супраць ваенна-прамысловага комплексу. Пуцін павінен зразумець, што яго варварства сустрэне рашучыя меры, якія павысяць для яго цану вайны да непрымальнага ўзроўню. Гэта адзіны спосаб спыніць яго”, – напісаў ён у X.
Як паведаміў спікер ДПСУ Андрэй Дземчанка, непасрэдна пункт пропуску «Ягадзін» на ўкраінска-польскай мяжы расійскія войскі не атакавалі, піша РБК-Украіна. Паводле яго слоў, «Ягадзін» працуе ў штатным рэжыме, а ўдар прыйшоўся па чыгуначнай інфраструктуры.
