“Расатам” можа стварыць у Беларусі Цэнтр ядзернай медыцыны
Рэдакцыя Reform.news · 11 лістапада 2026, 13:54
https://reform.news/be/rasatam-mozha-stvaryc-u-belarusi-cjentr-jadzernaj-medycyny/“Расатам” можа стварыць у Беларусі Цэнтр ядзернай медыцыны. Таксама карпарацыя плануе пастаўкі назапашвальнікаў энергіі для БелАЗа і МАЗа. Пра гэта расказаў гендырэктар “Расатама” Аляксей Ліхачоў, які сёння сустрэўся з прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным.
Паводле слоў Ліхачова, перамовы па стварэнні Цэнтра ядзернай медыцыны знаходзяцца на фінальнай стадыі. Гаворка ідзе не проста пра пастаўкі радыеізатопаў або радыефармпрэпаратаў, а пра стварэнне цэлага кластара. Ліхачоў лічыць, што ён “дазволіць вывесці на новы ўзровень і барацьбу з анкалогіяй, і прафілактыку і лячэнне кардыялагічных, неўралагічных захворванняў”.
Яшчэ адзін напрамак – электратранспарт.
“Мы сёння зафіксавалі дамоўленасці ў частцы не толькі паставак назапашвальнікаў энергіі на БЕЛАЗ, на МАЗ для новай лінейкі прадукцыі гэтых аўтамабільных прадпрыемстваў, але і такія больш глыбінныя распрацоўкі, якія мы будзем рабіць з прыцягненнем у тым ліку расійскага бізнесу, у прыватнасці “Нарнікеля”. І ў нас вялікія планы па электраруху, вялікія планы па назапашвальніках электраэнергіі”, – дадаў ён.
Таксама тэмай сённяшніх перамоваў стала будаўніцтва трэцяга блока БелАЭС.