Дзяржаўныя сістэмы Літвы і Польшчы падвергліся кібератакам
Рэдакцыя Reform.news · 11 лістапада 2026, 12:04
https://reform.news/be/dzjarzha-nyja-sistjemy-litvy-i-polshchy-padverglisja-kiberatakam/Інфармацыйная сістэма мытні Літвы падверглася атацы. Як паведамілі ў прэс-службе мытні, “прыкметы магчымай незаконнай дзейнасці ў інфраструктуры інфармацыйных сістэм” былі выяўленыя ўвечары 10 лістапада.
Інцыдэнт лакалізаваны, вызначаюцца яго маштабы і патэнцыйныя наступствы. Былі прынятыя меры бяспекі.
“У цяперашні час пацверджаных выпадкаў парушэння цэласнасці даных у выніку інцыдэнту няма”, – гаворыцца ў паведамленні.
Доступ для фізічных асоб і малых прадпрыемстваў да адзінага мытнага партала прыпынены. Сістэмы і сэрвісы, якія выкарыстоўваюцца прадстаўнікамі мытні (пасрэднікамі), будуць працаваць у звычайным рэжыме.
Учора таксама была зафіксаваная атака на польскую дзяржаўную сістэму ePUAP – электронную платформу дзяржпаслуг. Яна дазваляе падаваць дакументы, заявы, падпісваць іх з выкарыстаннем даверанага профілю. Пра ўцечку даных або іншую значную шкоду не паведамлялася.
