Олег Панасюк. Фото: t.me/keramin_team
На 47-м годзе жыцця раптоўна памёр генеральны дырэктар ААТ “Керамін” Алег Панасюк. Як паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства, гэта адбылося ўчора, 29 красавіка. Прычына смерці не называецца.
Панасюк узначаліў «Керамін» у сакавіку 2025 года, да гэтага працаваў намеснікам генеральнага дырэктара па развіцці таго ж прадпрыемства. Раней больш за 15 гадоў ён працаваў на Бярозаўскай ДРЭС, затым — у сферы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі.
У жніўні 2020 года Панасюк узначальваў участковую выбарчую камісію ў Белаазёрску. Як пісаў BGmedia, падчас датэрміновага галасавання ён выклікаў міліцыю на незалежную назіральніцу Ірыну Грышчук, якая выявіла неапламбіраваны пакой, сумежны з участкам, і напісала скаргу. На жанчыну склалі адміністрацыйны пратакол. У ноч пасля выбараў Панасюк і іншыя члены камісіі пакінулі будынак праз чорны ход.
Пасля 2020 года яго кар’ера пайшла ўгору: ён перайшоў на пасаду намесніка гендырэктара па развіцці ў «Бярозабудматэрыялы», а затым падняўся да кіраўніцтва «Керамінам».