Пуцеправод на Ціміразева ў Мінску хочуць скончыць да канца года
Рэдакцыя Reform.news · 13 кастрычніка 2026, 14:50
https://reform.news/be/pucepravod-na-cimirazeva-minsku-hochuc-skonchyc-da-kanca-goda/У Мінску будаўніцтва пуцеправода ў раёне вуліц Ціміразева і Калеснікава завершана на 80-85%. Пра гэта паведамілі ў Мінгарвыканкаме.
Усе работы хочуць скончыць да канца года. Засталося зманціраваць апошнюю пралётную канструкцыю. Усяго іх 12. Гэтую работу скончаць да 20 кастрычніка.
“Паралельна прыступім да аманалічвання стыкаў і бэлек у пралёце, мантажу фінальнага дэфармацыйнага шва. Намечанае плануем скончыць да 10 лістапада. Да гэтага ж часу хочам завяршыць мантаж астатніх бэлек на тратуарных частках з іх паралельным аманалічваннем. Адзначу, для пешаходаў з двух бакоў прадугледжаныя бясступеньчатыя пандусы, тратуары (прычым адзін з іх будзе сумешчаны з веладарожкай)”, – расказаў дырэктар Гардорбуда.
Пазней пачнецца ўладкаванне ўсіх слаёў асфальтабетоннага пакрыцця.