Скриншот видео
Улады Швейцарыі працягваюць расследаванне прычын маштабнага пажару, які адбыўся ў ноч на 1 студзеня ў бары Le Constellation на гарналыжным курорце Кран-Мантана. У выніку трагедыі загінулі некалькі дзясяткаў чалавек, каля 100 атрымалі траўмы, многія — цяжкія, піша Blick.
Пажар адбыўся падчас навагодняй вечарыны. Сігнал пра ўзгаранне паступіў у паліцыю каля 1:30 ночы. Паводле папярэдніх звестак, установа была перапоўненая, што магло прывесці да вялікай колькасці ахвяр.
Як паведамілі ў кантанальнай паліцыі, колькасць загінулых ацэньваецца ў «некалькі дзясяткаў», аднак дакладныя звесткі пакуль не апублікаваныя. Каля 100 чалавек былі параненыя і дастаўленыя ў бальніцы кантона Вале і за яго межамі, у тым ліку ва ўніверсітэцкія клінікі. У бальніцы кантона Вале ўведзены план надзвычайнай сітуацыі — аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і аперацыйныя перапоўненыя.
Пра пацярпелых пакуль вядома мала. Прынамсі двое з іх — французы. Улады мяркуюць, што сярод загінулых і пацярпелых могуць быць і замежныя турысты. Паводле звестак BBC са спасылкай на кіраўніцтва адной з клінік, большасць пацыентаў — маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 26 гадоў.
Выратавальная аперацыя працягвалася да раніцы. Улады кантона абвясцілі рэжым асаблівай сітуацыі. У ліквідацыі наступстваў удзельнічалі каля 150 ратавальнікаў, былі задзейнічаныя 10 верталётаў.
Паводле афіцыйнай інфармацыі кантона Вале, у бары адбылося рэзкае распаўсюджанне агню, якое магло суправаджацца адной або некалькімі ўспышкамі або выбухамі. Улады пачалі расследаванне, ёсць прыкметы магчымай сувязі са святкаваннямі з выкарыстаннем бенгальскіх агнёў, феерверкаў або піратэхнікі.
Генеральная пракурорка кантона Беатріс Пілю заявіла, што версію тэракту можна «абсалютна выключыць».
Відавочца распавёў газеце 24heures, што феерверкі, прымацаваныя да бутэлек шампанскага, прывялі да ўзгарання столі. Пачалася паніка, і натоўп кінуўся ўніз па лесвіцы ў падвал. Іншыя відавочцы распавялі тэлеканалу BFMTV, што прычынай пажару стала «святочная свечка», якую афіцыянты ўсталявалі на бутэлькі шампанскага. Аднак гэтыя паведамленні пакуль не пацверджаныя паліцыяй.
Газета Le Nouvelliste і радыё Rhône FM паведамлялі пра «каля сарака загінулых» і прынамсі 100 параненых.
Le Constellation — гэта вялікі бар у Кран-Мантане, які існуе ўжо некалькі гадоў. Паводле наяўных звестак, ён можа змясціць да 300 чалавек і мае невялікую тэрасу, хаця дакладна невядома, колькі людзей знаходзілася там у навагоднюю ноч, піша Swissinfo.