Прыбылыя ў Варшаву палітвязні ўжо заўтра пачнуць працэс легалізацыі ў Польшчы
Рэдакцыя Reform.news · 18 снежня 2025, 18:11
https://reform.news/be/prybylyja-varshavu-palitvjazni-zho-za-tra-pachnuc-pracjes-legalizacyi-polshchy/Беларускія палітвязні, якія прыбылі ў Варшаву, ужо заўтра пачнуць працэс легалізацыі ў Польшчы. Пра гэта паведамілі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Яны змогуць падаць хадайніцтвы аб прадастаўленні міжнароднай абароны.
Дамоўленасць пра гэта была дасягнутая на сустрэчы намесніка кіраўніка АПК Паўла Латушкі з кіраўніцтвам Галоўнай камендатуры Памежнай аховы Польшчы і памежнай камендатурай у Варшаве.
Вызваленыя палітвязні змогуць падаць дакументы ў трох пунктах польскай памежнай службы. Польскія памежнікі выказалі гатоўнасць прымаць дакументы і ў выхадныя дні — суботу і нядзелю, каб садзейнічаць паскарэнню працэдуры легалізацыі.
Павел Латушка выказаў падзяку МУСіА, Памежнай ахове і МЗС Польшчы за аператыўнае рэагаванне на запыты.
Пытанне легалізацыі таксама абмяркоўвалася на сустрэчы з кіраўніцтвам Упраўлення па справах замежнікаў. Бакі выпрацавалі алгарытм далейшых крокаў.
«Першая наша задача — гэта па ўзгадненні з галоўным камендантам Памежнай аховы Польшчы (і адпаведны ліст яму быў накіраваны) — вызначыць дні і час падачы дакументаў на міжнародную абарону вызваленымі беларусамі, якія прынялі рашэнне застацца ў Польшчы.
Другая просьба, якую мы адрасавалі польскаму боку, — па магчымасці разглядаць звароты на міжнародную абарону ад былых палітвязняў у як мага карацейшыя тэрміны», — сказаў Павел Латушка.
Ён таксама папрасіў польскі бок улічыць асаблівую сітуацыю, звязаную з вызваленымі палітвязнямі: некаторыя з іх не маюць дакументаў, і таму патрэбная як мага хутчэйшая легалізацыя і сацыялізацыя ў краіне знаходжання. Таксама абмяркоўваліся пытанні атрымання сацыяльнай дапамогі вызваленымі палітвязнямі.
