Прэзідэнт Ганы прыбыў у Мінск з чатырохдзённым візітам

Прэзідэнт Рэспублікі Гана Джон Драмані Махама сёння пачынае дзяржаўны візіт у Рэспубліку Беларусь. Візіт праходзіць па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе прэс-служба ганскага лідара.

“Мэта візіту — умацаванне дыпламатычных сувязяў паміж Ганай і Беларуссю. Таксама бакі маюць намер вывучыць новыя магчымасці для супрацоўніцтва ў эканамічнай, сельскагаспадарчай і тэхнічнай сферах. Па прыбыцці ў Мінск прэзідэнт Махама ўскладзе вянок да Манумента Перамогі. Гэты жэст стане данінай памяці салдатам Савецкай арміі і беларускім партызанам, якія праявілі выключную мужнасць падчас Другой сусветнай вайны”, — гаворыцца ў паведамленні.

Махама і Лукашэнка правядуць двухбаковыя перамовы ў закрытым фармаце. Пасля гэтага адбудзецца пашыраная дыпламатычная сустрэча з удзелам міністраў і высокапастаўленых службовых асоб абедзвюх краін. Абмеркаванні будуць сканцэнтраваныя на стратэгічным партнёрстве ў сферах сельскай гаспадаркі, адукацыі і гандлю.

“У адпаведнасці з праграмай прэзідэнта Махамы па індустрыялізацыі і забеспячэнні харчовай бяспекі ён наведае Брэст — адзін з найбольш гістарычна значных гарадоў на захадзе Беларусі. Там ён азнаёміцца з працай аднаго з найбуйнейшых у рэгіёне прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака, вытворчасці сыру і дзіцячага харчавання. Чакаецца, што гэты візіт будзе спрыяць абмену вопытам і стварэнню патэнцыйных партнёрстваў у галіне аграперапрацоўкі”, — растлумачылі ў прэс-службе ганскага прэзідэнта.

Падчас знаходжання ў Брэсце прэзідэнт Махама таксама наведае мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», дзе ўшануе памяць абаронцаў, якія змагаліся супраць нацысцкіх войскаў падчас абароны крэпасці ў 1941 годзе.

Праграма візіту таксама прадугледжвае наведванне Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

“Гэты візіт падкрэслівае прыхільнасць дзвюх краін пытанням аховы навакольнага асяроддзя”, — адзначаецца ў паведамленні.

У рамках дзяржаўнага візіту плануецца падпісанне як мінімум чатырох двухбаковых пагадненняў.

Чакаецца, што прэзідэнт Махама пакіне Беларусь і вернецца ў Акру ў аўторак, 9 чэрвеня 2026 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!