Reform.news

З турмы – на вайну. Палітвязень у Беларусі і франтавік ва Ўкраіне

Reform.news · 16 кастрычніка 2026, 14:06

https://reform.news/be/z-turmy-na-vajnu-palitvyazen-u-belarusi-i-frantavik-va-ukraine/

Парадоксы лёсу: каб працягваў быць закладнікам беларускага рэжыму, раней ці пазней вызваліўся б. І з большай гарантыяй, што жывым, чым “двухсотым”. А цяпер суцэльная латарэя. Таму што на радзіме – бойня, развязаная Крамлём.

Гэта я пра Аляксандра Катовіча – адзінага ўкраінца з дзясятым (“экстрэмісцкім”) прафілактычным улікам, каго сустрэў за кратамі. Спачатку нас перакідвалі адным этапам з СІЗА №1 Мінска (у красавіку 2024-га “Валадарка” дажывала апошнія дні перад расфармаваннем) у Магілёў, дзе ў турме №4 чакалі апеляцый на свае выракі, а затым і ў папраўчую калонію Шклову. Там шляхі разышліся, бо мяне адразу запакавалі ў каменны “мех” ізалятару, яго ўзялі пад кантроль спецслужбаў. І, як бы насмешкай, паставілі на загатоўкі ваеннай формы для расійскай арміі. Фактычнага акупанта яго радзімы.

Зноў скантактаваліся толькі ў лістападзе 2025-га, калі ён апынуўся ў ліку трох дзясяткаў грамадзян Украіны, якіх пры пасярэдніцтве амерыканскага боку вярнулі на радзіму. Пры гэтым не асабліва разбіраючыся, хто адкуль патрапіў у няволю. Бо новы дом Аляксандра Катовіча акурат у Беларусі.

Лагістыка кахання

Гісторыя маладога чалавека ў пэўны момант шчыльна пераплялася з Беларуссю, што ў выніку каштавала яму свабоды. У роднай Адэсе пазнаёміўся з беларускай, закахаліся, пабраліся шлюбам. Спачатку жылі наездамі на два адрасы, а ў 2019 годзе канчаткова аселі ў Мінску. Украінец атрымаў від на жыхарства, уладкаваўся ў IT-кампанію, з якой супрацоўнічаў да самага затрымання.

Калі ў лютым 2022-га армія Пуціна вераломна напала на Ўкраіну, як чалавек нераўнадушны, той выказаў у пабліках усё, што думаў пра агрэсара і ягоных памагатых. Злапамятная па сваёй сутнасці, сістэма рэплікі зафіксавала і падшыла ў спецыяльную “папачку” з іншымі нелаяльнымі. І як прыйшоў час, адрэагавала – аж праз паўтара году. Першапачаткова следства распачало крымінальную справу за распальванне варажнечы.

Прыпісалі сярод іншага адміністраванне чату “Беларусь за МКАДом”, хоць у выніку абвінавачванне і было знятае – давялося прызнаць, што фігурант быў толькі актыўным каментатарам, адказваючы ботам ды замбаваным “патрыётам” на закіды кшталту “мочи хохлов”, “русские сотрут нациков”, “Одесса будет нашей” і г.д. І ўсё ж па выніку назбіралася цэлае суквецце крымінальных артыкулаў, а 28 сакавіка 2024-га Мінгарсуд агучыў вердыкт па сукупнасці “злачынстваў”: 5 гадоў зняволення з наступным пападаннем у экстрэмісцкі і тэрарыстычны спісы сілавікоў. Праваабарончая супольнасьць прызнала яго палітычным вязнем.

– Зразумела, я да такога павароту не быў гатовы, ад слова зусім. Хоць і разумеў, што Беларусь і дэмакратыя папросту несумяшчальныя… На зоне адразу на шчыт узнялі этнічны складнік: раз украінец, мушу паводзіць сябе максімальна ціха. Будзеш высоўвацца, проста згінеш. Калі прывезлі ў карантын, намеснік па рэжымна-аператыўнай рабоце ПК №17 Маскалёў – змрочны непрыемны тып – выклікаў мяне асабіста, пачаў распытваць, за што сеў. Кажу, за каментары. Дарэчы, чат трапіў у спіс экстрэмісцкіх фармаванняў ужо пасля майго затрымання, але задняй датай павесілі адпаведны артыкул.

Патлумачыў: цяжка стрымацца, калі бамбяць тваю краіну. Ягоны адказ агаломшыў: “А когда вы били по Донбассу, нормально было тебе и таким как ты? Вот свое и получил. Начнешь высовываться, лично гарантирую путешествие по зонам золотого кольца Беларуси”. Гэта даслоўна. За што сядзець? За праўду? Нават калі і хочацца пакараць, вашым жа законам прадугледжаны штраф. На крайні выпадак існуе парадак анулявання дазволу на жыхарства ў Беларусі. А тут адразу 5 гадоў калоніі! Як бы там ні было, адназначна акрэслілі, што я тут цалкам заслужана. Нібыта сам абраў свой шлях. З чаго лёгка праглядваўся мэтанакіраваны прэсінг.

Так і атрымалася: татальны кантроль над любым рухам, выпадковым выказваннем. Сярод асуджаных нямала ахвотных прадубляваць пабачанае і пачутае, улезці ў твае “крамольныя” думкі. Даносілі аператыўнікам літаральна ўсё: кола зносін, тэмы размоваў, каго чым пачаставаў, нават калі гэта цыгарэта. Падсылалі шасцёрак, каб тыя ўціраліся ў давер і высвятлялі патрэбныя звесткі. Хай і абсалютна бессэнсоўныя, але паколькі ў Беларусі татальны кантроль – ад дзяржпрадпрыемстваў да пенітэнцыярнай сістэмы – фіксавацца павінна кожнае слова.

Аляксандру Катовічу заставалася яшчэ большая палова прысуджанага тэрміну, аднак раніцай 22 лістапада начальнік атраду раптам загадаў збіраць рэчы. Маўляў, дзякуйце за “добрую волю” Лукашэнку. Украінец ужо ведаў пра папярэднія выдварэнні беларускіх палітвязняў і дзесьці падсвядома спадзяваўся на падобны варыянт. Аднак пры гэтым менш за ўсё разлічваў, што дэпартуюць на радзіму – у Беларусі засталася жонка, для якой уезд ва Ўкраіну з дзяржавы-суагрэсара фактычна нерэальны.

– Я чуў, што ў шклоўскай калоніі былі і іншыя ўкраінцы, аднак з улікам перадузятага стаўлення мае кантакты цалкам кантраляваліся і шанцы састыкавацца зводзіліся да мінімуму. Прынамсі ў чацвёртым атрадзе я быў адзіны. Яшчэ з адным пазнаёміўся ўжо пасля вобшуку ў адстойніку, калі нас рыхтавалі на вываз з лагеру. Асуджаны па наркатычным 328-м артыкуле, 40 дзён заставалася да канца тэрміна. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра “добрую волю”. Наогул з тых трох дзясяткаў, каго адпусцілі, хіба траціна палітычных.

Ці бачу сябе ў нейкім варыянце ў Беларусі? Не, не і не. Украіна пры ўсіх сваіх унутраных праблемах і супярэчнасцях, не кажучы пра вонкавыя, здолела пайсці зусім іншым шляхам. У вас жа татальнае змаганне з іншадумствам, улада у руках Лукашэнкі ўтрымліваецца сілавым спосабам. Рэжым дамагаецца, каб усе думалі і дзейнічалі ў адным вектары. Паўсюдна абалваньваюць народ. У нас падобнае немагчыма, любы тыран будзе змецены, што і даказала папярэдняя практыка.

Хоць асабіста для мяне гэта вялізная сямейная драма. І дзе выйсце, зусім незразумела. Жонка папросту баіцца: нават каб сюды прыехала, якія гарантыі надалей? У яе там маці, кінуць не можа. Ды і з боку спецслужбаў абавязкова ўзнікнуць пытанні. Стромная сітуацыя.

Пасля датэрміновага вызвалення Аляксандр Катовіч так і не пабачыўся з жонкай, якая засталася ў Мінску. Нават з маці ўдалося сустрэцца толькі праз паўгоду – як ні дзіўна, паспрыяла мабілізацыя.

Нюансы мабілізацыі

Далейшыя падзеі развіваліся імкліва. Пасля транзіта праз Гомель і перадачы памілаваных арыштантаў на мяжы супрацоўнікам СБУ прадугледжвалася рэабілітацыя ў Кіеве. Не толькі з медыцынскім складнікам, а і апытаннямі спецслужбаў на прадмет магчымай вярбоўкі. Да падобнай перастрахоўкі ўсе паставіліся з разуменнем, асабліва з улікам ролі Беларусі ў вайне. Паралельна трэба было аднаўляць дакументы, паколькі выкінулі без пашпартоў. Прынамсі палітычных.

Пры тым у Аляксандра Катовіча практычна адразу ж паўстала верагоднасць мабілізацыі. Аказалася, што на радзіме ён знаходзіцца ў вышуку. Прыходзілі позвы з Тэрытарыяльнага цэнтру камплектавання (ТЦК), аднак у прычынах форс-мажору – адбываў зняволенне на радзіме Лукашэнкі – ніхто не разбіраўся.

Спадзяванні на тое, што прыраўнаюць у статусе з цывільнымі палоннымі краіны-агрэсара, каб атрымаць як мінімум паўгадавую адтэрміноўку (усё ж чалавек перажыў сваю ўнутраную вайну з беларускім рэжымам), не спраўдзіліся. Маўляў, Беларусь не абвяшчала вайну Ўкраіне, а пераслед паводле палітычных матываў – гэта другое.

Былі супольныя намаганні падключыць да ягонага кейса міжнародных праваабаронцаў, аднак запусціць нейкі прававы механізм не паспелі. Сёлета 19 лютага былога палітвязня мабілізавалі. Адразу праходзіў адпаведную падрыхтоўку ў “вучэбках” пад Харкавам і Запарожжам. Кажа, што на некаторых саслужыўцаў сваякі ўжо атрымалі “пахаронкі”. А неўзабаве быў размеркаваны ў вайсковую частку армейскім справаводам. Усяго тры месяцы перадышкі паміж турмой і вайной. Адзіная выгода – свядома ці выпадкова, але цяпер служыць у сваёй жа Адэсе. Прынамсі магчымасць зрэдку бачыцца з мамай.

– Мой статус да канца застаўся незразумелым. Не толькі мне, мабыць, нікому. Намінальна я падпадаў пад цывільнага палоннага. Усе доказы на руках, і найперш палітычна матываваны прысуд у краіне-суагрэсары. Відавочны пераслед за крытыку пуцінскай вайны. Аднак пасля рэабілітацыі мне не пакінулі іншых варыянтаў, акрамя мабілізацыі. Дык я і не быў супраць, проста не так хутка. Хоць бы нейкі час, каб прыйсці ў сябе пасля лукашэнкаўскага палону!

Наогул першы месяц пасля дэпартацыі стаў самым складаным. З аднаго боку, апрыёры насцярожанае стаўленне, мусіш самастойна сацыялізавацца. З іншага – поўнае неразуменне сваёй падвешанасці, абсалютная невядомасць за гарызонтам. Дарэчы, пасля нас была яшчэ адна партыя памілаваных, снежаньская, у якую таксама патрапіла пяцёра ўкраінцаў. Іх дакументы прынялі на атрыманне статусу. А я вымушаны самастойна займацца рассылкай зваротаў і зборам афіцыйных адказаў. Дарэчы, ужо ў першым з Нацыянальнага інфармацыйнага бюро канстатавалі: у ведамасным рэестры адносна майго пераследу ніякіх дадзеных няма. Адпаведна, “бронь” ад мабілізацыі не прадугледжваецца.

Ужо больш за паўгода Аляксандр Катовіч робіць унёсак у справу ачышчэння Ўкраіны ад акупантаў. На жаль, падзяліцца нюансамі службы не можа, паколькі ўсё абстаўлена цалкам зразумелай сакрэтнасцю.

Беларускі досвед

Пра “каланіяльныя” прыгоды ў Беларусі асабліва няма калі і ўзгадваць, аднак, прызнаецца Аляксандр Катовіч, раз-пораз “накрывае”. Адкуль сярод добрых па сваёй сутнасці беларусаў столькі тых, хто папросту спустошаны прапагандай? І ў першую чаргу гэта тычыцца якраз пенітэнцыярнай абслугі – ад адміністрацыі да шараговых вертухаеў.

– Магчыма, людзі ў сістэме вертыкалі не тое, што замбаваныя, але ў іх мазгі з дзіцячага садка, са школы на дзяржаўным узроўні ўбіваецца прапагандыская церуха. То бок, што ёсць правільна і як сябе трэба паводзіць. Ніякага самастойнага мыслення. У навінах, паўсюдна ў соцыюме ад самага маленства загружаюць з той пазіцыі, нібыта Расія, Кітай ды ім падобныя – сапраўдныя сябры, ад іх толькі дабро; а вось Украіна, абагульнены Захад — кончаныя ворагі, нічога станоўчага не чакай. Адпаведна, акцэнт на саўковым “пабедабесіі”, іншыя даты проста выцертыя з памяці. Ідэалагічны момант, на якім усё трымаецца.

Персанал рэжымнай абслугі сітуацыю ўспрымае аналагічна, як яму ўклалі ў галаву. Масква – вось сапраўдны міратворац, а вы, украінцы, заслужылі тое, што адбываецца. Самі вінаватыя ў сваіх бедах. Не злавалі б Расію, падзяліліся б тэрыторыяй, існавалі б і далей. Ну як беларусы, насамрэч ужо акупаваныя. На шчасце ці на жаль, у нас крыху іншы менталітэт, іншыя прынцыпы. Палітыка незалежнасці такім самадурам як Пуцін не падабаецца, гэта зразумела.

Што да ўспамінаў. Безумоўна, турма на Акрэсціна – гэта нейкая жудасць. Кінулі ў карцар, дзе ўжо было запакавана 12 чалавек. Стаялі як коні, месца проста няма. Сядзелі на кукішках па чарзе. Летам тэмпература пякельная, вышэй за 40 градусаў. Вопратку можна было выкручваць ад поту. На Валадарцы крыху ліберальней рэжым, але жахлівыя камеры, перанаселенасць, антысанітарыя. А галоўнае, разам з заменамі следчых расла колькасць інкрымінаваных артыкулаў. Асабліва вакол асобы Лукашэнкі: пакрыўдзіліся за «вусатага», палічылі паклёпам, што на выбарах задзейнічалі адміністрацыйны рэсурс. Магілёў паскладаней, большы кантроль за жоўтабірачнымі, непатрэбная муштра. Ну, а Шклоў – гайкі на максімум, абмежаванае кола зносін, псіхалагічны ціск. Не толькі ўкраінцаў датычыць, палітычныя беларусы з шыза амаль не вылазілі. Дзясяты прафулік – усё, закляты вораг.

У 2025 годзе ўрад Украіны прыняў пастанову адносна адтэрміноўкі ад мабілізацыі грамадзянам, якія знаходзіліся ў палоне ў выніку ўзброенай агрэсіі з боку Масквы. Аднак сітуацыя з прызнаннем статусу цывільных асобаў, якія патрапілі ў пенітэнцыярныя ўстановы на тэрыторыі бліжэйшага саюзніка Крамля, дагэтуль застаецца неадназначнай. Паколькі згаданы статус наўпрост увязваецца з паняццем „дзяржавы-агрэсара“ і афіцыйна такой прызнаецца толькі Расія, Беларусь фармальна ў чорны спіс не ўваходзіць. Хоць ужо зафіксаваныя выпадкі, калі людзям, вызваленым з беларускіх калоній, адпаведны статус усё ж надалі. Кейсам Аляксандра Катовіча працягвае займацца яго адвакат.

Рэклама

Пакінуць адказ