Reform.news

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні ў Наваполацку і іншых гарадах

Рэдакцыя Reform.news · 29 красавіка 2026, 14:49

https://reform.news/be/pravaabaroncy-pavedamljajuc-pra-zatrymanni-navapolacku-i-inshyh-garadah/

У Наваполацку 23 красавіка былі затрыманы не менш за 12 жанчын. Таксама вядома пра затрыманні ў іншых гарадах — Барысаве, Слоніме, Брэсце і Жодзіне, паведамляе «Віцебская вясна».

У Наваполацку сілавікі правялі ператрусы, некалькі чалавек забралі ў СІЗА ў Віцебску, астатніх дапытвалі ў Наваполацку. З 12 затрыманых васьмярых адпусцілі ў той жа дзень. У адной жанчыны знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Яе пакінулі пад вартай на трое сутак і ў панядзелак прысудзілі штраф. 28 красавіка за кратамі заставаліся дзве затрыманыя. Ва ўсіх жанчын узялі падпіскі аб нявыездзе і неразгалошванні.

Паводле інфармацыі некалькіх крыніц, затрыманні звязаны з прызнаннем шэрагу культурных ініцыятыў «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Таксама вядома пра трох затрыманых у Барысаве, некалькі затрыманых у Слоніме, Брэсце і Жодзіне.

Нагадаем, 24 красавіка стала вядома, што «Беларуская Рада культуры», праекты «Магістрат», «Осьміног», «ArtPower Беларусь», «Фонд савета па культуры Беларусі», «ІншыЯ» па рашэнні КДБ прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».

Рэклама

Пакінуць адказ