Своеасабліва інтэрпрэтавала беларуская прапаганда ўчарашняе прызнанне Аляксандра Лукашэнкі, што яго сын Мікалай пайшоў служыць у армію.
Нагадаем, Лукашэнка нечакана заявіў, што яго малодшы сын Мікалай праходзіць ваенную службу, і яго “прызваў” у армію Віктар Хрэнін, міністр абароны.
«Малодшы сын ужо служыць у арміі. Ніхто і не ведаў нават. Віктар прызваў. Усё, служыць у арміі, як належыць, як усе. Лейтэнант. Не буду казаць дзе, але ў самым складаным падраздзяленні», — сказаў ён.
Ананімны тэлеграм-канал “Невольфович”, блізкі да Мінабароны, вырашыў выкарыстаць гэты факт, каб пасароміць апанентаў беларускага кіраўніка.
“Лохушко задаваўся пытаннем, ці пойдзе Мікалай Лукашэнка ў армію, і сёння атрымаў адказ! Ну што, змагар’ё, якое не служыла, выкусілі?” – напісалі ананімныя аўтары канала, прымацаваўшы да паведамлення выразку з ютуб-перадачы апазіцыйнага палітыка Паўла Латушкі.
Паведамленне ваенных прапагандыстаў чытаецца так, нібы Мікалая адправілі ў армію на злосць Латушку.
Дзеля справядлівасці адзначым, што першымі пытанне пра службу Мікалая ў арміі пасля заканчэння ўніверсітэта паставілі аўтары праграмы “Саша, што ты нясеш?!” яшчэ 7 ліпеня 2026 года.
