Пракуратура накіравала ў суд “футравую” справу пра хабар

Прокуратура Брэсцкай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу аб хабарніцтве ў структурах вытворцы футравай сыравіны. У атрыманні і дачы хабару абвінавачваюцца трое службовых асоб рэгіянальных прадпрыемстваў.

Паводле версіі абвінавачання, у 2022–2025 гадах кіраўнік рэгіянальнага прадпрыемства, размешчанага ў Брэсцкай вобласці, разам з галоўным эканамістам галоўнага прадпрыемства атрымлівалі хабар за першачарговыя пастаўкі прадукцыі, заніжэнне кошту пастаўляемай прадукцыі замежным кампаніям і індывідуальнаму прадпрымальніку.

“Адзін з эпізодаў злачыннай дзейнасці кіраўніка рэгіянальнага прадпрыемства заключаўся ў перадачы трэцяму абвінавачанаму (кіраўніку такога ж рэгіянальнага прадпрыемства ў Гомельскай вобласці) хабару ў буйным памеры ў суме 10 тыс. долараў ЗША за забеспячэнне паставак прадукцыі ў першачарговым парадку на адрас замежнай кампаніі”, — распавялі ў пракуратуры.

Усяго ж за тры гады абвінавачаныя атрымалі ў выглядзе хабару не менш за 130 тыс. долараў і не менш за 3 млн рублёў. Акрамя таго, фігурантам інкрымінуецца злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі: яны забяспечылі пастаўку больш як 14 тыс. шкурак норкі па заніжанай на 27,5 тыс. рублёў цане, што з’яўляецца буйным памерам шкоды.

Абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай. Ім прад’яўлены абвінавачанні па ч. 2 арт. 424, ч. 2 арт. 430, ч. 3 арт. 430, ч. 2 арт. 431 Крымінальнага кодэкса.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!