Reform.news

Праект “Плэйліст экстрэміста”. Кацярына Nokt Манкевіч: “Для замежнікаў гэта гучыць як сюжэт баевіка”

Reform.news · 30 верасня 2026, 16:24

https://reform.news/be/praekt-plejlist-ekstremista-kaczyaryna-nokt-mankevich-dlya-zamezhnika-geta-guchycz-yak-syuzhet-dlya-bayavika/

Reform.news працягвае спецпраект «Плэйліст экстрэміста: права на гучанне ў Беларусі» гісторыяй музыкі, вакалісткі і лідаркі метал-гуртоў Dymna Lotva і Hangover in Minsk Кацярыны Манкевіч (Nokt Aeon).

Бадай, ніводная з беларускіх творцаў-жанчын не мае ад рэжыму такой колькасці абвінавачанняў «экстрэмісцкай» скіраванасці: прапаганда тэрарызму, фінансаванне «тэрарыстычнай дзейнасці», садзейнічанне «экстрэмізму» і нават пагроза гвалту ў дачыненні да Лукашэнкі. Нядаўна МУС уключыла Кацярыну і ў спіс «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Сама музыка каментуе гэтыя захады рэпрэсіўнай сістэмы з іроніяй: «Я — дрэнная дзяўчына».

Распыталі адну з найяскравейшых вакалістак Беларусі пра творчасць і перформансы, якія запісалі ў “экстрэмізм”, шлях на метал-сцэну, ляльку вуду ў выглядзе Лукашэнкі і музыку пасля Ірпеня.

Калаж на аснове фота Аляксандра Валодзіна.

Пра музыку, жанр і пераадоленне сэксізму

— Кацярына, складана прыгадаць, у каго з творцаў столькі абвінавачанняў у “дрэнных паводзінах”. Пяць артыкулаў: рэжым малюе з цябе проста “дэманічную жанчыну”. Мне хочацца пачаць інтэрв’ю з таго, каб “развянчаць” гэты вобраз. Хто такая Кацярына Манкевіч? Даследчыца? Музыка? Як ты сама сябе прадстаўляеш?

— Я — музыка. Спяваю «метал». І займаюся гэтым ужо больш за дваццаць гадоў. Можна сказаць проста: спяваю ў «Дымнай Лотве» і ў «Hangover in Minsk». Майму галоўнаму праекту зараз дзесяць гадоў. Гэтага дастаткова. Яшчэ раблю сцэнары і касцюмы да кліпаў, але гэта ўсё прыкладное.

— Чаму менавіта метал-сцэна? Як так атрымалася?

— Таму што я слухаю метал ужо гадоў дваццаць пяць. Гэта мая любімая музыка, люблю гэты жанр болей за ўсё. І люблю спяваць. Спрабавала навучыцца граць на гітары — але тут я абсалютны антыталент. Мне здаецца, няма ў свеце чалавека, у якога з гітарай усё ішло б горш, чым у мяне. Хоць у мяне ёсць гітары…

— Часам здараецца, што за выбарам стаяць не толькі ўласныя густы, але і нейкі імпульс. Хтосьці натхніў цябе паспрабаваць свае сілы на метал-сцэне? Быў такі чалавек?

— У мяне акурат наадварот: былі розныя персанажы, якія намагаліся даказаць, што гэта таго не варта, што ў мяне нічога не атрымаецца. Маўляў, трэба сядзець дома, “нараджаць” баршчы і “варыць” дзяцей. Родныя казалі, што гэта не жаночая праца, што сцэны ў Беларусі няма і не будзе, і што ты заўсёды будзеш у мінусе.

Мне здаецца, гэта такая галівудская гісторыя, калі ў кагосьці быў чалавек, які ўзяў за ручку, прывёў і ўсё паказаў. Гэта дакладна не пра мяне. Хутчэй наадварот: я брала хлопцаў за ручку, прыводзіла ў гурт і казала: «У цябе ўсё атрымаецца, грай!».

Фота: Аляксандр Валодзін.

— Наколькі фрэндлі метал-сцэна для жанчын?

— Ой, у мяне хутчэй былі з гэтым праблемы. Я стала рэалізоўвацца на сцэне пазней, чым магла б. Мой першы канцэрт быў у 24 гады, пры тым што я шукала гурт з 16–17 гадоў. Было так шмат адмоваў! Прыходзіш па аб’яве з «Музычнай газеты» на рэпетыцыю, а табе кажуць: «Дзяўчына? Не, не глядзім». Дваццаць гадоў таму гэта было вельмі распаўсюджана.

Зараз, на маю думку, тэндэнцыя змянілася. Нават на беларускай сцэне бачу: калі музыка сярэдняя і няма чым выпендрыцца, трэба ўзяць сэксі-дзяўчыну, апрануць, а лепш яе распрануць, каб прыцягнуць увагу. Я бачыла некалькі гуртоў, дзе мужыкі ўжо палыселі і вырашылі: «Трэба браць дзеўку!». Потым штосьці зраслося ці не зраслося… Гэта ўсё сэксізм, з якім мы паціху змагаемся.

Ну і, канешне, для жанчын на сцэне цяжэйшыя ўмовы, ды ў часе гастроляў, бывае, у аўтобусах няма элементарных выгодаў.

Ды пытанне дзяцей. Калі музыкант-мужчына можа “нарабіць” дзяцей і паехаць у трасу, а яго жонка будзе дома адна змагацца, то ў выпадку дзяўчыны мала хто дапаможа. Ведаю на метал-сцэне толькі пару выпадкаў — напрыклад, гурты Myrkur i Within Temptation. Вакалістка апошняга нарадзіла дзяцей, а яе муж (таксама з гурта) пакінуў музыку, каб сядзець з дзецьмі дома, пакуль яна канцэртуе. Гэта рэдкі выпадак. Часцей дзяўчына нараджае, а муж, які абяцаў дапамагаць, кажа: «Твае канцэрты ідуць нафіг, дарагая». Мне тут дапамагае тое, што я чайлдфры, ніколі не была замужам. Гэта плюс.

Фота: Аляксандр Валодзін.

Беларуская VS англійская?

— Хочацца адзначыць, што ты таксама сама пішаш тэксты, і беларуская мова была ў тваіх гуртах з самага пачатку. Я так разумею, што гэта свядомы выбар на карысць сваёй культуры. Наколькі ён распаўсюджаны на метал-сцэне?

— Даволі распаўсюджаны, калі музыкі выбіраюць сваю родную мову. Зараз, напрыклад, самы вядомы гурт з Ісландыі Solstafir спявае па-ісландску. Украінскія гурты спяваюць па-ўкраінску. Гэта абсалютна нармальна, у цывілізаваным свеце да гэтага не павінна быць пытанняў. Галоўнае — не па-расійску.

У сваім першым гурце, гадоў 20 таму, я спрабавала пісаць тэксты па-расійску. Зараз як дарослы і свядомы чалавек скажу: метал-тэксты па-расійску звычайна гучаць крынжова.

Што да англійскай мовы: тут, каб пісаць добрыя тэксты, трэба ведаць англійскую на ўзроўні вышэй за сярэдні — вышэй, чым трэба для працы ў IT. На беларускай сцэне добрых тэкстаў па-англійску было вельмі мала. Былі ў Vicious Crusade, але музыкі гурта скончылі міжнародныя адносіны, яны прафесійныя дыпламаты. Дарэчы, экс-вакаліст Vicious Crusade у 2020 годзе працаваў асабістым перакладчыкам Лукашэнкі. Цікавая гісторыя: чалавек спяваў пра свабоду і рэвалюцыю, а зараз працуе на рэжым. Вельмі шкада. Яшчэ выдатныя тэксты былі ў Nebulae Come Sweet — іх вакаліст напісаў паэму на англійскай мове і праспяваў яе ў альбоме.

Таму лепш пісаць на сваёй мове, чым спрабаваць зрабіць херню. У маім другім гурце, «Hangover in Minsk», тэксты – па-англійску. Але там сам канцэпт вельмі просты: мы хацелі, каб гурт быў зразумелы людзям па ўсім свеце. Я спецыяльна раблю тэксты прасцейшымі, на ўзроўні А2, такія «застольныя песенькі». Каб можна было, седзячы дзе-небудзь у Балівіі з тэкілай, уключыць «Hangover in Minsk» і праспяваць прыпеў: «цілі-цілі, тралі-валі», «кроў-любоў». Гэта ўпісваецца ў канцэпт.

Але беларуская для мяне важная, безумоўна.

Фота: Аляксандр Валодзін.

“У нас быў напалову партызанскі дзвіж”

— Зараз дадам да абвінавачанняў у твой адрас яшчэ пару артыкулаў, але хачу ўдакладніць: што адбывалася з табой, тваімі гуртамі ў 2020 годзе? Ведаю, што ты брала ўдзел у жаночых маршах, у дваровых канцэртах…

— Мы дакладна не такія знакамітыя, як Irdorath, на пачатку калоны мы не хадзілі. Але першы наш выступ падчас пратэстаў адбыўся праз пару дзён пасля забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Памятаю, мы з Яўгенам гралі ў пераходзе на Пушкінскай проста пад акустыку: ён з гітарай, я з флейтай і вакалам, пад бела-чырвона-белым сцягам. Дзесьці павінны быць відэа з трансляцый.

Потым рабілі афіцыйнае мерапрыемства ў сацсетках: запрашалі людзей на Пушкінскую, каля крамы «Суседзі», дзе тэраса. Там мы гралі «Перемен», свае песні, збіралі людзей. Там яшчэ была выстава пратэснага мастацтва.

Калі пачаліся дваровыя канцэрты, нас клікалі, але мы нейкі час не маглі дамовіцца пра апаратуру. Каб зайграць усім складам «Дымнай Лотвы», нам патрэбна была электрычнасць, барабаны, падключэнне гітар і вакалу. Пакуль мы вырашалі тэхнічныя пытанні, пахаладнела, і ўсё сышло нанава.

Але на самы першы дваровы збор у нашым раёне я і Мікіта (наш сённяшні гітарыст) хадзілі. У дваровым чаце напісалі пра збор, я ўдакладніла, ці бяром інструменты, узяла флейты, ён — гітару. Мы сталі на пастамент і гралі «Купалінку», «Перемен», усе пратэсныя песні.

Удакладню, што ў 2020 годзе мы выпусцілі метал-кавер на песню «Перемен» гурта «Кино» і зайгралі яго на двух ці трох канцэртах у клубе «Бруге». Зараз пра гэта ўжо можна расказаць, бо клуб усё адно закрылі. Мы ставілі гэтую кампазіцыю на канец канцэрта. На выпадак, калі хтосьці патэлефануе куды трэба, у нас усё было загадзя сабрана: даігрываем, спакойна бяром рэчы, выклікаем таксоўку і едзем дадому. Шукайце нас! У нас быў напалову партызанскі дзвіж.

Цэнзура “на палову стаўкі”

— Цікава даведацца: а наколькі свабоднай была метал-сцэна да 2020 года? У сэнсе цэнзуры і самацэнзуры музыкаў? Што дазвалялі сабе металісты ў адрозненне ад рокераў?

— Пра адрозненні ад рокераў мне цяжка сказаць, бо да беларускай рок-сцэны асабліва не належалі. Там тусоўка старшая за нас на 15–20 гадоў, мы мала перасякаліся. Ну, выпівала пару разоў з «Нейра Дзюбелем», разок з Памідоравым і Паўлавым, але гэта не значыць, што мы з адной тусоўкі.

Што да афіцыйных забарон і чорных спісаў — для металу іх, магчыма, было менш. Проста таму, што рок-сцэна больш масавая, а на металістаў звярталі менш увагі: маўляў, «валасатыя сатаністы, што з іх узяць». Але цэнзура была. Памятаю, калі я спявала ў гурце «Трызна», трэба было падаваць тэксты на «гастрольку». Сядзіш і думаеш: «Вось гэта ім не спадабаецца — выкраслім, тут слова заменім». Такая цэнзура “на палову стаўкі”, проста каб атрымаць дазвол і да цябе не чапляліся. А на сцэне ўсё адно заспяваем як трэба — хто там разбярэ?

Я ведаю пра купу спроб прывезці замежныя гурты. Калі робіш «гастрольку» на замежнікаў, правяраюць усё: што за гурт, пра што спяваюць. Некаторыя гурты былі проста “непраходнымі”. Зараз у Беларусь ужо ў прынцыпе нікога прыстойнага немагчыма прывезці: у дыктатарскую краіну ніхто не паедзе псаваць сабе рэпутацыю дзеля аднаго шоу у Мінску за пару тысяч еўра. Ды і “гастрольку” не дадуць.

У нас было некалькі гадоў адноснай свабоды, калі прыязджалі вядомыя гурты, але ў бліжэйшыя дзесяць гадоў шанец на гэта малы. А нармальнай свабоды беларускасці не было ніколі — хіба што крыху ў дзевяностыя да прыходу Лукашэнкі, але я тады была зусім малая, трэба ў Leslie Knife спытаць.

Фота: Аляксандр Валодзін.

— Пра Leslie Knife з Gods Tower, дарэчы. Акурат у 2020 годзе вы зрабілі з Леслі моцны трэк “Да волі”. Ад каго была прапанова аб калабарацыі?

— Ад мяне. Гэта было так па-дурацку! Мы дамовіліся яшчэ ў 2019 годзе. Пачаткова я хацела зрабіць фіт з адным фінскім вакалістам, але ён адмовіўся праз недахоп часу. А потым у Мінск прыехаў наш агульны з Лэслі сябар з Украіны. У нас была вечарына… Карацей, а пятай раніцы ўсе былі п’яныя. Я стаяла на кухні, абдымала Лэслі, плакала яму ў грудзі і казала, што ніхто не хоча са мной спяваць. Ён кажа: «Я з табой заспяваю!».

Праз год-паўтара мы вярнуліся да гэтага пытання. Першапачаткова была ідэя зрабіць песню пра салдата ў палоне. Але ў 2020 годзе я змяніла канцэпцыю на палітвязня — якраз калі Лэслі адсядзеў. Я кажу: «Лэслі, памятаеш, як я табе плакала ўлетку? Усё, мяняем парадыгму!». Ну і пачаліся арганізатарскія моманты з графікамі і вольнай студыяй, пакуль усё не дарабілі.

Уцёкі. “Канспірацыя была як у шпіёнскім кіно”

— У які момант вы адчулі, што на вас звярнулі ўвагу як на «небяспечны культурны элемент»?

— Дадам пра метал: пратэсныя тэмы там былі вельмі даўно, яшчэ з 1990-х і 2000-х. Проста журналісты заўсёды “забівалі” на металістаў. Гэта савецкі падыход да субкультур: лічыць, што гэтага ўсяго няма, там адны наркаманы, і нават не цiкавiцца. На пратэстах у 2020 годзе я бачыла шмат сваіх калег-музыкаў.

Небяспеку я адчула 19 жніўня 2020 года на жаночым пратэсце. Мы стаялі, я вязала бел-чырвона-белы шалік, і нас акружыў АМАП. Яны сталі сціскаць кола з дзяўчат у белым. Гэтыя амапаўцы — здаровыя дэбілы, у вачах проста нуль. Я памятаю тыя вочы. Мы тады вырваліся з дзяўчатамі і не папаліся.

Зараз ужо магу сказаць: ведаю, што мяне шукалі з 2020 года. Мая бабуля (якая памерла ў 2021-м) казала, што ёй прыйшоў ліст з КДБ наконт мяне, хоць у яе кватэры я не была прапісаная і не жыла.

Нас забаранілі ў 2021-м. Летам былі анансаваныя канцэрты, і арганізатарам патэлефанавалі з міністэрства: «Або вы іх выкрэсліваеце, або мы вас закрываем». Нам пачалі казаць: «Алё, збірайцеся, пакуль вас не павязалі!». Але я не брала гэта да ўвагі.

І тут прыйшлі за Мікітам, нашым музыкам — абвінавацілі яго ў тэрарызме. Прыйшлі да яго бабулі па месцы прапіскі. У яго забралі тэлефон са званкамі, перапіскамі і маімі голымі фоткамі. У тыя ж дні доўга білі ў дзверы ў маёй новай здымнай кватэры. Я не адчыняла. Мы сядзелі нейкі час у Беларусі, “пакарміліся” адрэналінам, а потым зразумелі: калі зараз не з’едзем, то ўжо не вырвемся.

Фота: Аляксандр Валодзін.

Спрабавалі выехаць максімальна ціха, каб не напароцца на памежнікаў ці мянтоў. Канспірацыя была як у шпіёнскім кіно. Я напісала знаёмым з «партызанаў», спытала пра дакументы. Ехалі паўтары сутак без сну праз Расію ва Украіну. Нас сустрэлі мясцовыя беларусы. Гэта быў кайф — перасекчы ўкраінскую мяжу і адчуць сябе на волі.

Украінская зямля для мяне заўсёды была месцам свабоды. Там нават дыхаецца па-іншаму, людзі нічога не баяцца, паводзяць сябе сапраўды свабодна. І пасля Беларусі 2020–2021 гадоў, дзе ўсе затаіліся і баяліся, прыезд ва Украіну быў каласальным кантрастам.

Лялька вуду

— Цябе абвінавачваюць у столькіх “грахах”. Але за што канкрэтна вамі пачалі цікавіцца?

— Намі цікавіліся таму, што метал ці не метал, але мы з самага пачатку ў сацыяльных сетках не маўчалі. Я свае фотаздымкі з пратэстаў посціла ўсюды і не збіралася нічога хаваць. Некаторыя СМІ таксама пісалі: «Вось Кацярына Манкевіч з «Дымнай Лотвы» на пратэсце, хэлоў». Гэта ўсё было публічна. Спачатку яны прайшліся па кімсьці больш публічным, а потым дайшлі да нас.

А ўжо за мяжой здарыўся канцэрт з лялькай вуду ў вобразе Лукашэнкі.

— Што гэта быў за праект?

— Гэты было ўжо тут, у Польшчы, у 2022 годзе. Да нас даехаў наш кампазітар Яўген, прыехалі гітары, і мы падумалі: «Ну трэба ж неяк сыграць!». У Варшаве ёсць такая традыцыя, што ўсе беларускія музыкі, якія прыязджаюць, імкнуцца ў Beer Station. Канешне, гэта не зусім наш фармат, да таго ж у нас тады яшчэ не было драмера. Карацей, вырашылі зрабіць акустыку ў Beer Station для сваіх.

Мы не хацелі прадаваць білеты. Бо за акустыку без нармальнага гуку, без поўнага складу і дадатковых інструментаў браць аплату было проста сорамна. Таму я зрабіла ляльку вуду ў выглядзе Лукашэнкі. У яе можна было тыркаць бясплатна, але булаўкі былі платныя. Я закупіла дафіга булавак, і булаўка давалася за любы данат у скарбонку. З гэтай скарбонкі мы якраз сабралі грошы, каб аплаціць працу гукарэжысёра і арэнду апаратуры.

Патыркалі цудоўна! Ёсць апублікаванае відэа, дзе я “Лукашэнку” на сцэне Beer Station на літровую бутэльку саджала. Засунула бутэльку, бо сядзець ён не хацеў, а з бутэлькай пагадзіўся. А яшчэ ў мяне было маленькае відэа (па-мойму, у TikTok), дзе я спявала калыханку гэтай ляльцы вуду і зацягнула ёй на шыі пятлю. I вось за гэта ў мяне зараз артыкул — пагроза гвалтам у бок Лукашэнкі.

Фота: Аляксандр Валодзін.

А лялька такая прыгожая атрымалася! У “яго” сінія пальцы, мяшкі пад вачамі, вусы! І сам у касцюме, у піджаку. Харошы быў. Мы яго на гэтую Масленіцу спалілі нарэшце. А то ён вісеў у нас на кухні, і ўсім гасцям прапаноўваліся булаўкі. За два-тры гады там ужо проста не было куды тыкаць — усё было затыркана. Яшчэ і запыліўся трохі, тлушч гэты на кухні… Ну і мы яго спалілі, танчылі вакол.

— Вялікая лялька па памерах?

— Вялікая. Я ў сэкандзе купіла дзіцячы касцюм з піджаком — дзелавы такі, гадоў на пяць-шэсць. Сам корпус сшыла, а туды ўжо прымацавалі галаву, лапкі і ўсё астатняе. Нарм.

Калі я купляла матэрыялы для вырабу, яшчэ не размаўляла добра па-польску. Купляла ў сэкандзе недалёка ад дома, а гаспадар там паляк. Я кажу: «У вас ёсць веташ? Мне ляльку вуду набіць». Ён спачатку не зразумеў. Яны ж каталікі: «Ляльку вуду?!». Я кажу: «Лукашэнкі». Карацей, ён аддаў мне ўсё бясплатна і сказаў: «Толькі патыркай ад мяне, калі зробіш». І я ад яго патыркала — ён прасіў у вока. Людзям увогуле так спадабалася ў вочы тыркаць!

Чалавек семдзесят ці больш тыркалі гэтую ляльку. На канцэрце было больш за пяцьдзясят чалавек, і тыркалі ўсе. Потым колькі ў нас гасцей у доме было — мінімум 100 чалавек яе закранулі. Гэта ж ім усім зараз трэба артыкул за гвалт ці пагрозу гвалту ў дачыненні Лукашэнкі!

— Гэта феерычна, канешне.

— Папрацую на новую справу, а то што яны будуць сядзець без працы, бедненькія!

“Людзі, паглядзіце ўсе нашы кліпы!”

— Кацярына, таксама адзін з артыкулаў, у якім ты абвінавачваешся – фінансаванне “тэрарыстычнай дзейнасці”. Пра што тут гаворка?

— Наколькі я разумею, «фінансаванне тэрарызму» могуць даць за публічныя данаты на УСУ. Памятаю, перад Новым годам у нас быў стрым, дзе мы збіралі сродкі на падтрымку ўкраінскага войска. Ды таксама ў нас ёсць кліп з зарокам ваяроў палка Каліноўскага. А ў апісанні да відэа (якое зараз “экстрэмісцкае”) мы дадавалі спасылкі, куды можна заданаціць. У нас полк Каліноўскага лічыцца “тэрарыстычнай” арганізацыяй, таму, напэўна, гэта праходзіць як прапаганда ці фінансаванне тэрарызму.

— “Дымна Лотва” таксама рэкардсмены па кліпах, якія прызнаныя “экстрэмісцкімі”. Налічыла шэсць відэа ў спісе.

— Так-так. Напрыклад, відэа «Смерць цалуе вочы»… У мяне там паясок чырвоны. Таксама кавалачак стрыму з «Радыё Ўнэт» з песняй «Адышоўшым». Можа, таму, што я там у майцы з украінскім сцягам? Але ж у нас ёсць нармальны кліп «Адышоўшым» — і ён не экстрэмісцкі! Шчыра кажучы, не разумею, як гэта працуе. Мне здаецца, што тыя, хто вылоўлівае “экстрэмізм”, проста вокладкі на YouTube глядзяць. Людзі, паглядзіце ўсе нашы кліпы! У нас ёсць «Да Волі», прысвечаны палітвязням, якога ў спісе няма! Я іх павінна вучыць працаваць?!

Фота: Аляксандр Валодзін.

— А як ты ставішся да таго, што нехта сядзіць і вылоўлівае, хто ляльку вуду зробіць, чырвоны паясок надзене? Якое тваё стаўленне да «экстрэмісцкай навалы»?

— Як да цырку на дроце.

— Але гэтыя захады адбіліся на вашай творчасці? Ці згубілі вы колькасць слухачоў пасля гэтых абвінавачанняў?

— Наконт адпісак: у металхэдаў у большасці ўсё добра з IQ. З Беларусі ад нас адпісаліся збольшага яшчэ ў 2021 годзе. Мне некаторыя пісалі: «Выбачай, я адпісаўся/адпісалася, бо сама разумееш». Я кажу: «Не трэба выбачацца». Адзінае што —  мы зараз наш мерч не можам перадаваць у Беларусь.

Па-другое, у нас большасць падпісчыкаў увогуле не ў краіне. Па-трэцяе, я не збіраюся сядзець і размазваць соплі праз тое, як гэта страшна. Наадварот! З любой сітуацыі можна зробіць з лімону ліманад. І мы намагаемся па максімуме гэты ліманад атрымаць.

Напрыклад, я пісала нашаму нямецкаму лэйблу, што нас прызналі “экстрэмістамі”. Прэс-менеджар аж пішчаў ад захаплення: «Вы разумееце, што гэта супер піяр-кейс?! Я зараз зраблю такі прэс-рэліз, што пра вас напішуць усе!». I вось так мы атрымалі артыкул у брытанскім Metal Hammer. Там тыраж толькі папяровага выдання — больш за 40 тысяч асобнікаў!

Вось таму рэжым зараз і не публікуе мой вырак, бо разумее, што будзе яшчэ адзін прэс-рэліз. А мне якраз трэба даведацца, колькі гадоў мне далі!

Што ўвогуле да музычнай дзейнасці, я адразу разумела, што мне прыйдзецца страхавацца, таму я даўно і стала працую ў IT.

— То-бок у вашым выпадку гэта ў пэўным сэнсе спрацавала ў плюс?

— Як сказаць. Прынамсі, гэта афіцыйнае прызнанне «экстрэмістамі» дае нам голас на міжнародную аўдыторыю, каб расказваць пра рэпрэсіі ў Беларусі. У нас сёлета выйшаў новы альбом, было шмат інтэрв’ю (кожны тыдзень па 3–4 размовы), і амаль у кожным ёсць пытанні: «А што там у Беларусі? А што па рэпрэсіях?». I я магу расказваць пра хлопцаў з Nizkiz, Tor Band, Irdorath. Для замежнікаў гэта нешта з іншага свету. Але мы можам пра гэта расказваць, і гэта добра.

Фота: Аляксандр Валодзін.

Альбом «Вырай» і бальбута

— Кацярына, дарэчы, пра апошні альбом “Дымнай Лотвы”. На маю думку, «Вырай» — гэта росквіт калектыву. Не скажу, што я вялікі эксперт у метал-музыцы, але для мяне важна, калі музыка адгукаецца. І ваша створана з вялікім імпэтам і выдумкай.

З аднаго боку, у метале ёсць пэўныя каноны, якіх трэба трымацца. А з іншага, табе ўдаецца перадаць у спеве сапраўдныя, шчырыя эмоцыі. Атрымаўся цікавы прадукт: зразумелы замежнай метал-публіцы (бо там ёсць міф і рамантыка), і адначасова трушны, з жывым болем. Як табе ўдаецца спалучаць прафесійнае стаўленне і эмацыйнасць?

— Мне здаецца, у метале эмацыйнасць — гэта неад’емная частка прафесіяналізму. Гэта ж метал! Зараз рок-музыка стала ў асноўным «бяззубай», адбываецца такая «скуфізацыя» рок-музыкі, на мой погляд. Але калісьці гэта была музыка моладзі і пратэсту, яна не можа не быць эмацыйнай. Тое ж самае і з металам. Ёсць, канешне, паджанры, якія не вымагаюць такой эмацыйнасці (які-небудзь technical death metal), але я такое асабліва не слухаю.

Наконт канонаў: каноны ў пратэснай музыцы — гэта як «пчолы супраць мёду». Каноны цудоўна ламаюцца, і на іх аскепках вырастаюць новыя. Мне вельмі падабаюцца спрэчкі паміж «трушнікамі» і «не трушнікамі» пра тое, хто сапраўдны. Гэта даволі весела, бо пытанне пра трушнасць — як багаслоўскі парадокс: «Ці можа ўсемагутны Бог стварыць камень, які сам не зможа падняць?».

Дзякуй за фразу пра росквіт. Нам зараз таксама здаецца, што апошні альбом найлепшы, бо мы расцём як музыкі і прафесіяналы. «Вырай» мы зрабілі пра эміграцыю на сваёй свежай эміграцыі. Таму гэта так адгукаецца беларусам за мяжой: гэта наша калектыўная траўма, яна для нас агульная.

— Медыя пісалі, што ваш альбом трапіў у спіс найлепшых рэлізаў 2026 года па версіі часопіса Metal Hammer, што вы прэзентавалі кліп з удзелам легендарнага экс-вакаліста My Dying Bride Аарана Стэйнтарпама, але ў ценю застаўся той факт, што адну з песень у альбоме вы напісалі на мове бальбута – таемнай мове свабоды, якую прыдумаў Альгерд Бахарэвіч у сваім рамане “Сабакі Эўропы”. А гэта не так і проста! У вашым альбоме цікавостак — хоць адбаўляй!

— Наконт літаратуры — я нават пакажу! У нас у кніжцы да альбома напрыканцы ёсць спіс выкарыстанай літаратуры (паказвае альбом).

Уладзімір Караткевіч, Максім Багдановіч, Ганна Янкута (якая атрымала прэмію Гедройця), Дзмітрый Скварчэўскі “Навука Звяздарская”, Альгерд Бахарэвіч, Ева Вежнавец, зборнік беларускіх замоваў, «Беларуская міфалогія» Іны Швед (увогуле лепшая кніга па міфалогіі!), Цімафей Авілін «Этнаастраномія» (якая кніга!), «Беларускія казкі» пад рэдакцыяй Барташэвіч і Кабашнікава… Літаратуры тут дафіга! Хацелі дысертацыю — атрымаўся альбом (усміхаецца).

У кожнай песні ёсць канкрэтныя цытаты ці адсылкі з гэтага спісу. Магчыма, я ленавалася пісаць тэксты сама, таму панаскубала даволі шмат. I гэта клёва! Толькі шкада, што амаль нічога з гэтага няма ў перакладзе на іншыя мовы. Ёсць Бахарэвіч, ёсць Вежнавец, а вось Караткевіча пачытаць людзям нават на англійскай няма дзе. Гэта вялікая праблема.

Літаратура для мяне — гэта найлепшая крыніца натхнення. Каб палепшыць свае тэксты і стыль, трэба чытаць шмат кніг розных перыядаў.

Што да Аарона, то на нядаўнім канцэрце на фестывалі я аддала яму сваю туш для вачэй, каб яму было чым адкрыць віно ў гатэлі.

Фота: Аляксандр Валодзін.

— Твая песня на бальбуце пра Кастуся Каліноўскага?

— Гэта «Ліст з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага, перакладзены на бальбуту. Мае там толькі партыі хору ў самым канцы (закрыццё замовы, зробленае па акультных формулах, але перакладзенае на бальбуту).

І заўважу, што гэта песня, атрымоўваецца, экстрэмізм у кубе! Не ведаю, ці з’яўляецца Кастусь Каліноўскі экстрэмістам у Беларусі, але будзем лічыць, што так. Тым больш там ёсць фраза: «Тады мы будзем жыць, калі маскаля над намі ўжо не будзе». За гэта зараз адразу даюць «экстрэмізм». Потым гэта перакладаецца на бальбуту, якую стварыў экстрэміст Бахарэвіч. Сам пан Альгерд не ведаю ці ў спісе, але яго кнігі прызнаныя “экстрэмісцкімі”. І па-трэцяе — спяваю гэта “экстрэмісцкая” я. Атрымліваецца сферычны “экстрэмізм” у вакууме!

— Узмацняецца ў разы!

Музыка пасля Ірпеня

— Разумею, што мы жартуем, але за тваёй творчасцю стаіць цяжкі досвед: выгнанне, немагчымасць сустрэцца з блізкімі, вайна, акупацыя. Ірпень, дзе вы сядзелі ў падвалах і выбіраліся праз разбураны мост. Замежны слухач можа ўспрымаць гэта проста як захапляльную, яскравую выдумку, але гэта праўда. Як ты адчуваеш, ці даходзіць да замежнікаў гэтая «трушнасць»? Выбачай, выкарыстаю тое слова.

— Для замежнікаў гэта ўсё дадае ўнікальнасці: выйшаў не проста яшчэ адзін альбом яшчэ аднаго гурта, а альбом музыкаў з такім лёсам. Калі ім кажуць, што вакалістку прызналі “экстрэмісткай”, што яны беглі, былі забароненыя, былі на вайне і зноў беглі — для іх гэта гучыць як сюжэт баевіка, сапраўды.

Некаторыя перапытваюць: «А гэта праўда?». У Польшчы яшчэ больш-менш беларусаў разумеюць, а далей (у Германіі, напрыклад) — гэта экзотыка, Галівуд. Частка людзей спачувае, але я адчуваю сябе няёмка, калі да мяне пасля канцэрта падыходзяць, абдымаюць і кажуць: «Вы такія бедныя, няшчасныя!». “Супакойцеся, усё нармальна, мы жывыя, мы адыгралі!”.

З другога боку, некаторыя абвінавачваюць: «Гэта яны ўсё прыдумалі дзеля піяру». Думаеш: «Ідзі ты нахер, разумнік! Паедзь у Беларусь, падыдзі да КДБ у бела-чырвона-белым касцюме і паглядзім, колькі ты пратрымаешся!». Ёсць маленькі працэнт дурняў, якія кажуць: «Ну, яны, напэўна, парушылі закон, а не трэба парушаць». Яны не разумеюць, што «часам не да законаў». У іх парадыгме такога няма, яны жывуць у сваіх упарадкаваных краінах і не могуць уявіць, што дзесьці законы не працуюць, змяняюцца заднім чыслом і парушаецца Канстытуцыя.

Таму тое, што нас афіцыйна дадалі ў спіс “экстрэмістаў” — гэта тое, чым я зараз магу тыкнуць. Ёсць артыкулы на англійскай мове, у незалежных медыя, іх можна зараз паказаць тым, хто кажа пра піяр. Але шмат людзей настолькі далёкія і ад вайны ва Украіне, і ад рэпрэсій у Беларусі… Ад’язджаеш на 500 кіламетраў — і там іншы свет, там іх кветачкі на палісадніках.

Фота: Аляксандр Валодзін.

— Ты распавядала ў некаторых інтэрв’ю пра Ірпень, падвалы і эвакуацыю праз мост. Як музыкант, які перажыў гэта на ўласныя вочы… Перафразую вядомы выраз “ці магчымыя вершы пасля Асвенцыма”, — ці магчымая музыка пасля Ірпеня?

— Ты чула, як палякі жартуюць пра Асвенцым? А я чула, бо ў мяне ёсць сябры-палякі з Асвенцыма. Жартаваць можна нават на пахаванні. У людзей з гэтага месца дафіга анекдотаў, якія яны абажаюць расказваць немцам!

Мне здаецца, музыка павінна быць заўсёды. Музыка — гэта тое, што дае нам сілы: патанчыць, выпусціць пар, паплакаць, пакрычаць, заспяваць пра каханне ці пра смерць. Музыка, напэўна, з усіх мастацтваў больш за ўсё можа дапамагчы ці нават палячыць — больш за кнігі, кіно ці жывапіс. Калі кепска на душы, ты ж не бяжыш у музей глядзець на Рэмбранта і не бяжыш у тэатр. Ты ўрубаеш музло!

У «Дымнай Лотве» ёсць жарт: «Дымна Лотва: вяселлі, пахаванні, карпаратывы». У музыцы заўсёды ёсць сэнс. Тое, што ідзе вайна — гэта жахліва, але ці было ў чалавецтва хаця б сто гадоў без войнаў? Не было. Музыка працягваецца і будзе працягвацца. Хоць, канешне, у XXI стагоддзі вылучаць грошы на ракеты замест таго, каб зрабіць нешта афігеннае — гэта трэба зусім не мець мазгоў.

— Дарэчы, у цябе экстрэмальны вакал (тут ужо без лапак), не магу не адзначыць гэта. Як ты працуеш з голасам, каб выдаваць такую моцную экспрэсію і не сапсаваць галасавыя звязкі?

— Нічога спецыяльнага не раблю. Я спяваю “экстрымам” больш за 20 гадоў. За гэты час былі сотні канцэртаў (толькі ў мінулым годзе быў 41 канцэрт) — хочаш – не-хочаш, а навучышся!

Але я больш працую над чыстым вакалам. А экстрым — адзін раз навучыўся і ўсё. Адзінае, можна забыцца, як яго рабіць, калі не спяваць гады два (такое было, і я трэніравалася нанава). Трэба проста пастаянна практыкавацца і рабіць гэта экалагічна для сябе.

Фота: Аляксандр Валодзін.

— Для цябе гэта тэрапія — так выкладвацца?

— Калісьці, магчыма, была. Зараз для мяне гэта жыццё. Тэрапія — калі для цябе гэта хобі: маўляў, быў дрэнны дзень на працы, пайшоў на ўрок экстрым-вакалу пакрычаць. Для мяне гэта справа майго жыцця, тое, што я люблю, мая праца. Выплюхнуць эмоцыі на канцэрце — гэта тэрапія, але калі ты робіш гэта кожны дзень на працягу двух тыдняў у туры, тут ужо больш пра прафесіяналізм: каб адспяваць заўтра не горш, чым сёння.

***

Каментар юрыста Рыгора Дбайнага

У папярэдніх каментарах мы разбіралі, чаму беларускае антыэкстрэмісцкае заканадаўства супярэчыць міжнародным стандартам, як раскручваецца кола рэпрэсій і закранае людзей за межамі краіны, якія працэдуры выкарыстоўваюцца, каб матэрыялы і супольнасці прызнаваліся «экстрэмісцкімі» і як такія абмежаванні ўплываюць на творцаў і культурныя праекты. Справа Кацярыны Манкевіч утрымлівае такі інструмент пераследу беларусаў, якія знаходзяцца за межамі краіны, як спецыяльная вытворчасць (калі пераслед і нават суд адбываецца без удзелу абвінавачанага). Паглядзім, што адбываецца, калі чалавек ужо знаходзіцца за мяжой, але беларуская дзяржава працягвае пераслед праз існуючыя механізмы.

8 чэрвеня 2026 года Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра пачатак спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да Кацярыны Манкевіч па 5 крымінальных артыкулах. Ужо ў жніўні 2026 года Мінскі гарадскі суд разгледзеў справу без удзелу абвінавачанай. У верасні Кацярыну ўнеслі ў пералікі асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» і «тэрарыстычнай дзейнасці». Дакладны тэрмін пакарання невядомы, як і сутнасць абвінавачання. Такім чынам, у межах спецвытворчасці чалавек можа быць асуджаны па крымінальных справах і ўключаны ў дзяржаўныя пералікі — і пры гэтым сам не ведаць нават зместу абвінавачання і прысуду. Фармальна крымінальная працэдура адбываецца, але магчымасці чалавека паўнавартасна ўдзельнічаць у ёй, абараняць сябе або няма, або яны неабгрунтавана абмежаваныя.

Спецыяльная вытворчасць з’явілася ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе (КПК) у 2022 годзе. Яна дазваляе расследаваць і разглядаць крымінальную справу без фізічнай прысутнасці абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі. Артыкул 468-25 КПК утрымлівае пералік злачынстваў, калі можа прымяняцца такая працэдура, але ў той жа час дазваляецца распачаць спецвытворчасць і «ў іншых выпадках» — па пастанове Генеральнага пракурора або па пастанове старшыні Следчага камітэта ці КДБ са згоды Генеральнага пракурора, што, па сутнасці, робіць прымяненне спецвытворчасці вельмі гнуткім і неабмежаваным механізмам пераследу.

Адзін з сумнеўных элементаў гэтай працэдуры — спосаб паведамлення абвінавачанаму. Інфармацыя пра спецвытворчасць, выклік чалавека, дату і месца суда, вынік разгляду справы і прызначанае пакаранне размяшчаецца на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах адпаведных органаў і судоў, што лічыцца дастатковым для «належнага паведамлення». І тут узнікае важнае пытанне з пункту гледжання міжнароднага права: ці можна лічыць чалавека рэальна паведамленым толькі таму, што інфармацыя пра яго з’явілася на дзяржаўным сайце? Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога Беларусь застаецца, гарантуе абвінавачанаму права своечасова і падрабязна даведацца пра абвінавачанне, мець дастаткова часу і магчымасцяў для падрыхтоўкі абароны, мець абаронцу і быць судзімым у сваёй прысутнасці. Сам па сабе «завочны» суд міжнародным правам не забаронены. Але гэта павіннае быць выключэнне, а не агульнае правіла.

У Агульнай заўвазе № 32 Камітэт ААН па правах чалавека тлумачыць, што разгляд справы без чалавека можа быць прызнаны законным толькі калі ён быў загадзя і належным чынам паведамлены пра працэс, дату і месца суда, але адмовіўся скарыстацца сваім правам прысутнічаць. Дзяржава павінна зрабіць неабходныя рэальныя крокі, каб паведаміць чалавеку і забяспечыць яму магчымасць абараняцца. Беларуская мадэль фактычна замяняе паведамленне юрыдычнай прэзумпцыяй: інфармацыя апублікаваная — значыць, чалавек лічыцца паведамленым. Менавіта гэтае разыходжанне паміж непасрэдным паведамленнем і рэальнай магчымасцю ўдзелу ў працэсе з’яўляецца адной з галоўных праблем спецвытворчасці ў Беларусі. У студзені 2025 года эксперты ААН асобна звярнулі ўвагу на завочныя працэсы ў Беларусі. Яны паведамлялі пра выпадкі, калі людзі не ведалі пра пачатак справы, не мелі поўнай інфармацыі пра абвінавачанні, не маглі выбраць адваката і ўдзельнічаць у судзе дыстанцыйна. Эксперты заявілі, што такая практыка не забяспечвае асноўных гарантый справядлівага суда.

Механізм, які на паперы мог выглядаць як выключэнне, хутка стаў рэгулярнай рэпрэсіўнай практыкай. Паводле даных, на якія спасылаліся эксперты ААН, у 2023 годзе завочныя вытворчасці вяліся ў дачыненні да 18 чалавек, а ў 2024-м — ужо да 110. Пры гэтым усе вядомыя вынесеныя прысуды былі абвінаваўчымі. На пачатак 2025 года было вядома пра больш як 100 завочных прысудаў. Паводле падлікаў праваабаронцаў, на жнівень 2026 года з 2020 года было вядома не менш як пра 225 палітычна матываваных завочных прысудаў. Асобна гэта закранае культурную супольнасць, праваабаронцы зафіксавалі 95 выпадкаў крымінальнага пераследу дзеячаў культуры толькі за 2025 год. Пераслед людзей, якія знаходзяцца за межамі краіны, стаў прыкметнай часткай агульнай карціны.

Асобнае пытанне ў справе Кацярыны — арт. 366-1 КК, які прадугледжвае адказнасць за гвалт або пагрозу гвалтам у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кацярына звязвае гэтае абвінавачанне з перформансам лялькі вуду ў вобразе Лукашэнкі, у якую жадаючыя маглі ўтыкаць булаўкі. Калі гэта сапраўды сталася падставай для пераследу па дадзеным артыкуле, то з пункту гледжання міжнароднага права гэта ставіць пытанне пра мяжу паміж рэальнай пагрозай і мастацкай або палітычнай сатырай. Камітэт ААН па правах чалавека ў Агульнай заўвазе № 34 падкрэслівае асаблівую каштоўнасць свабоднай палітычнай дыскусіі і адзначае, што сам па сабе абразлівы характар выказвання ў дачыненні да публічнай асобы недастатковы для пакарання. Публічныя асобы, уключаючы кіраўнікоў дзяржаў, легітымна з’яўляюцца аб’ектам крытыкі. Ключавым павінна было быць пытанне ці існавала канкрэтная і рэальная пагроза для аб’екта, што відавочна было праігнаравана следчымі органамі. Толькі эпатажнага або непрыемнага для ўлады мастацкага вобразу дакладна не дастаткова для вынясення прысуду супраць дзяячкі.

На першы погляд можа здавацца, што завочны прысуд чалавеку, які жыве ў іншай краіне, — толькі сімвалічны акт. Але ў экстэрытарыяльных рэпрэсій іншыя мэты:

  1. завочны прысуд стварае «юрыдычны факт», да якога чапляюцца іншыя механізмы: канфіскацыя і арышт маёмасці, пазбаўленне грамадзянства (з 2023 года закон дазваляе гэта ў дачыненні да асуджаных за «экстрэмісцкія» злачынствы, якія знаходзяцца за мяжой), уключэнне ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» (што накладае абмежаванні на фінансавыя і грамадзянскія стасункі ў Беларусі).
  2. гэта спосаб адрэзаць творцу ад аўдыторыі. Пасля прысуду і ўнясення ў спісы любы данат, рэпост ці сумесны праект для чалавека ўнутры Беларусі становіцца крымінальнай рызыкай.
  3. гэта ціск праз сваякоў. Праваабаронцы фіксуюць візіты сілавікоў, допыты і ператрусы ў родных эмігрантаў. Ліст з КДБ бабулі Кацярыны, дзе яна нават не жыла, — тыповы эпізод гэтай практыкі.
  4. І нарэшце, гэта сігнал тым, хто застаўся: «вас дастануць паўсюль».

У верасні 2026 года Група незалежных экспертаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі адзначыла, што крымінальная юстыцыя выкарыстоўваецца як частка больш шырокай сістэмы падаўлення іншадумства, у тым ліку ў дачыненні да людзей за межамі краіны.

Калі вы за мяжой і маеце падставы чакаць пераследу:

  1. Сачыце за паведамленнямі на сайтах СК і КДБ, навінамі ад праваабаронцаў, а таксама за афіцыйнымі пералікамі – часта гэта адзіны спосаб даведацца пра сваю справу.
  2. Пазбягайце паездак у Расію і краіны, якія актыўна супрацоўнічаюць з Беларуссю, бо рызыка рэальная.
  3. Асобна трэба ацэньваць міжнародны вышук і паездкі ў трэція краіны. Беларускі завочны прысуд не мае аўтаматычнай выканальнай сілы ў дзяржаве ЕС, а экстрадыцыя не адбываецца аўтаматычна толькі таму, што беларускія органы абвясцілі чалавека ў вышук. Палітычны характар запыту і рызыка парушэння фундаментальных правоў могуць мець істотнае значэнне для рашэння аб выдачы.
  4. Дакументуйце ўсё, што з вамі адбываецца, і паведамляйце праваабаронцам. Гэтыя звесткі трапляюць у міжнародныя механізмы і дапамагаюць вам, у тым ліку ў пытаннях легалізацыі і міжнароднай абароны.

Калі вы ў Беларусі — нагадаем парады з папярэдніх каментароў: пасля прызнання творцы «экстрэмістам» («тэрарыстам») будзьце вельмі ўважлівымі з публічнымі ўзаемадзеяннямі з ім, пазбягайце фінансавых аперацый з беларускіх карт.

Суд можа вынесці «завочны» прысуд, але не можа завочна адабраць голас і прыпыніць творчасць. Новы альбом «Дымнай Лотвы», інтэрв’ю ў Metal Hammer, канцэрты па ўсёй Еўропе — усё гэта сведчыць, што спробы прымусіць маўчаць беларускую культуру і яе прадстаўнікоў не працуюць.  Парадокс у тым, што механізм, які павінен ізаляваць чалавека, можа адначасова рабіць больш бачным і яго самога, і праблемы, пра якія ён гаворыць. А кожная такая справа — гэта чарговы доказ для расследаванняў супраць тых, хто ладзіў спецвытворчасць і падпісваў завочныя прысуды.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Рэклама

Пакінуць адказ