Польскія вайскоўцы зафіксавалі залёт паветраных шароў з Беларусі

Польскія вайскоўцы ў начныя гадзіны 28 студзеня зафіксавалі выпадкі пранікнення ў паветраную прастору аб’ектаў з боку Беларусі.

“Палёт усіх аб’ектаў бесперапынна адсочваўся вайсковымі радыёлакацыйнымі сістэмамі Узброеных сіл Польшчы.

З мэтай захавання бяспекі былі ўведзеныя часовыя абмежаванні на выкарыстанне часткі паветранай прасторы над Падляскім ваяводствам для грамадзянскага транспарту. Гэтыя меры мелі прэвентыўны характар і адпавядалі дзеючым працэдурам.

На падставе праведзенага аналізу, уключаючы характарыстыкі палёту, хуткасць і напрамак руху аб’ектаў, было ўстаноўлена, што гэта, хутчэй за ўсё, аб’екты, падобныя да паветраных шароў, якія рухаюцца ў адпаведнасці з метэаралагічнымі ўмовамі”, — гаворыцца ў паведамленні Аператыўнага камандавання відаў Узброеных сіл Польшчы.

Адзначаецца, што пагрозы бяспецы паветранай прасторы выяўлена не было.

У камандаванні падкрэслілі, што падобныя інцыдэнты з’яўляюцца часткай «гібрыднай актыўнасці», з якой Польшча сутыкаецца на ўсходнім напрамку.

Паліцыя і Памежная ахова пакуль не паведамлялі пра выяўленне аб’ектаў на зямлі. Верагодна, гаворка ідзе пра кантрабанду цыгарэт.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!