Фото: gov.pl
Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) абвясціла пра затрыманне 12 мая трох грамадзян краіны па падазрэнні ў шпіянажы. Аперацыя была праведзена пад наглядам пракуратуры ў Беластоку.
Затрыманым ад 48 да 62 гадоў. Суд пастанавіў арыштаваць іх на тры месяцы. Ім прад’яўлены абвінавачанні ў шпіянажы, вырабе і распаўсюдзе прапагандысцкіх і дэзінфармацыйных матэрыялаў, падрыхтоўцы да правядзення дыверсійных і адцягваючых мерапрыемстваў, прасоўванні сімвалаў, якія падтрымліваюць агрэсію Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, і публічным усхваленні гэтай вайны.
Паводле версіі ABW, падазраваныя па даручэнні грамадзяніна РФ, звязанага з ФСБ, займаліся разведкай аб’ектаў NATO ў Польшчы. Яны таксама былі навучаны выкананню дыверсійных задач, абыходжанню з агнястрэльнай зброяй і тактыцы вядзення баявых дзеянняў.