Польскія памежнікі затрымалі групу «паветраных» кантрабандыстаў цыгарэт
Рэдакцыя Reform.news · 5 лютага 2026, 10:34
https://reform.news/be/polskija-pamezhniki-zatrymali-grupu-pavetranyh-kantrabandysta-cygarjet/Польскія памежнікі спынілі дзейнасць арганізаванай групы, якая займалася кантрабандай цыгарэт з Беларусі з дапамогай метэазондаў. Затрыманыя пяць чалавек, у тым ліку два грамадзяніны Польшчы, два грамадзяніны Украіны і адзін — Беларусі.
Як паведамілі ў Памежнай ахове, паводле дадзеных следства, мужчыны арганізавалі кантрабанду цыгарэт з дапамогай метэазондаў і ў перыяд з верасня 2025 года па люты 2026 года змаглі пераправіць не менш за 48 тыс. пачак цыгарэт. Кантрабанда ацэненая ў 1 млн злотых (каля 230 тыс. долараў).
Былі праведзены вобшукі ў Седльцах і наваколлі, канфіскаваныя цыгарэты і GPS-прылады.
Затрыманым ад 20 да 35 гадоў. Ім прад’яўлены абвінавачанні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, кантрабандзе тытунёвых вырабаў, парушэнні правілаў паветранага руху і парушэнні Закона аб спецыяльных мерах па процідзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны. Усе затрыманыя арыштаваныя судом на 3 месяцы.
Нядаўна польскія памежнікі таксама адчыталіся аб затрыманні двух грамадзян Беларусі за кантрабанду цыгарэт з дапамогай метэазондаў. У апошні час пачасціліся выпадкі залёту паветраных шароў з Беларусі ў Польшчу.





