Польшча стала часцей адмаўляць беларусам у міжнароднай абароне

Польшча рэзка павялічыла колькасць адмоў у прадастаўленні беларусам міжнароднай абароны ў чэрвені 2026 года. Свежую статыстыку апублікавала Упраўленне па справах замежнікаў.

У чэрвені 2026 года міжнародная абарона была прадастаўлена 25 беларусам: статус бежанца атрымаў 21 грамадзянін Беларусі, дадатковую абарону — 4 чалавекі. Для параўнання, у красавіку і маі статус бежанца быў прадастаўлены 143 і 72 беларусам адпаведна, дадатковая абарона — 354 і 14 грамадзянам Беларусі.

Істотна павялічылася колькасць адмоў у прадастаўленні міжнароднай абароны. У красавіку было вынесена 14 адмоўных рашэнняў, у маі — 17, у чэрвені — 52. Яшчэ 13 спраў былі прыпынены ў чэрвені.

З пачатку 2026 года Польшча прадаставіла міжнародную абарону 608 беларусам: 236 чалавек атрымалі статус бежанца, а 372 чалавекі — дадатковую абарону. 109 спраў былі прыпынены. Адмовы атрымалі 83 чалавекі.

Раней польскі бок тлумачыў адмовы ў прадастаўленні абароны тым, што тэрміны прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстах 2020 года мінулі. Беларускія дэмакратычныя сілы звяртаюць увагу, што такі падыход не ўлічвае рэальную сітуацыю ў Беларусі, дзе сілавыя структуры могуць перакваліфікаваць абвінавачанні на больш цяжкія артыкулы, якія прадугледжваюць больш працяглыя тэрміны пакарання.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!