Сустрэча са Святланай Ціханоўскай. Фота: reform.news
Пад Беластокам праходзіць трохдзённы беларускі фестываль «Тутака», які наведала Святлана Ціханоўская.
Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі адзначыла важнасць захавання такіх пляцовак, як «Тутака», дзе беларусы могуць сустракацца разам. Бо кожная пляцоўка на фестывалі – гэта нейкая ініцыятыва, з такіх кавалачкаў і складаецца беларушчына.
Святлана Ціханоўская падтрымала акцыю салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі і распавяла пра асабістае жыццё, у прыватнасці пра пошук школы для дзяцей у Варшаве. Яе дзеці вярнуліся з ЗША, і цяпер яна выбірае для іх навучальную ўстанову ў Варшаве.
Гутарка праходзіла нязмушана, але закранулі і важныя тэмы. У прыватнасці, Ціханоўская распавяла, што хутка адчыніцца офіс у Варшаве, які плануецца зрабіць хабам для ўсіх беларусаў, дзе можна праводзіць розныя актыўнасці.
Святлане Ціханоўскай задалі пытанне, ці можна спадзявацца на наступныя вызваленні палітвязняў. «Гэта такая тонкая сітуацыя, што немагчыма пра ўсё расказваць. Мне вельмі шкада, што людзі спекулююць на тэме палітзняволеных. Але я хачу сказаць адно – у нас пастаянная камунікацыя з амерыканскім бокам, – адказала лідарка. – Мы разумеем, якія адбываюцца працэсы, з намі дзеляцца, ёсць каардынацыя. І я спадзяюся, што мы зможам пабачыць вызваленых людзей. Цікавасць да тэмы не згубілася. Амерыканскі трэк працягваецца. Тыя пасты, якія пішуць людзі, у тым ліку спадару Коўлу, калі яны звяртаюць увагу на таго ці іншага чалавека, яны чытаюцца».
Таксама было зададзена пытанне пра ўзрослую лічбу адмоваў у міжнароднай абароне. “Гэта нядаўняя навіна, – адказала лідарка, – лічбы трэба параўнаць і трэба разбірацца, бо нейкія людзі прыязджаюць без падстаў. Але палітычна няма ніякай устаноўкі, каб беларусам адмаўлялі ў абароне”.
І напрыканцы Святлана Ціханоўская паразважала над тым, якое слова яднае ўсіх беларусаў. Гэта слова «Беларусь», мяркуе Ціханоўская: «Для нас і прапагандыстаў існуюць дзве розныя Беларусі. Калі мы кажам «Беларусь», мы маем на ўвазе нашу светлую радзіму, за якую людзі ахвяруюць і жыццём, і свабодай, каб нашы дзеткі раслі ў вольнай будучыні».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram