Начны пажар адбыўся ў гродзенскай бальніцы. Эвакуявалі больш за 250 чалавек

У Гродне ўначы адбыўся пажар у бальніцы на вуліцы Абухава. Паводле даных МНС, з будынка былі выратаваныя 11 чалавек, яшчэ 254 чалавекі, у тым ліку 10 дзяцей, эвакуяваныя.

Паведамленне пра задымленне ў шасціпавярховым будынку паступіла ратавальнікам у начны час. Падраздзяленні, якія прыбылі, высветлілі, што ачаг узгарання знаходзіўся ў адной з палат на пятым паверсе.

Персанал бальніцы сумесна з супрацоўнікамі міліцыі, адчуўшы пах гару, вывеў з палаты, дзе адбыўся пажар, 5 чалавек. Ніхто з іх не пацярпеў. Яшчэ 6 чалавек ратавальнікі вывелі з небяспечнай зоны з выкарыстаннем спецыяльных масак для абароны органаў дыхання. Іх шпіталізавалі.

Акрамя таго, з будынка бальніцы былі эвакуяваныя 254 чалавекі, уключаючы 10 дзяцей. Сярод эвакуяваных пацярпелых няма.

Пажар быў ліквідаваны. На месцы здарэння працавалі 15 адзінак тэхнікі МНС. Прычыны ўзгарання высвятляюцца.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!