Польшча падоўжыла дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю яшчэ на 90 дзён

Польшча падоўжыла дзеянне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю. Сёння ўступіла ў сілу адпаведнае распараджэнне Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі краіны. Цяпер яна будзе дзейнічаць яшчэ 90 дзён.

У міністэрстве абгрунтавалі падаўжэнне дзеяння буфернай зоны захаваннем міграцыйнага ціску на мяжы з Беларуссю. Папярэдні раз яе дзеянне падаўжалася ў снежні мінулага года.

Буферная зона была ўсталявана з 13 чэрвеня 2024 года. Яна прадугледжвае забарону на знаходжанне на прыгранічнай тэрыторыі. Зона ахоплівае ўчастак мяжы даўжынёй 78,29 км, размешчаны ў тэрытарыяльнай юрысдыкцыі падраздзяленняў Памежнай службы ў Міхалове, Нарэўцы, Белавежы, Дубічы-Цэркеўне і Чарамсе. На ўчастку даўжынёй 59,24 км зона ахоплівае 200 метраў ад лініі мяжы. На ўчастку 15,26 км, размешчаным у раёне прыродных запаведнікаў, зона шырэйшая і складае каля 2 км, а на ўчастку прыкладна 3,79 км яе шырыня ўглыб краіны — каля 4 км.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!