Польшча адмовіла ў зняцці санкцый з Валянціна Байко

Бізнесмен і член Савета Рэспублікі Валянцін Байко паспрабаваў аспрэчыць польскія нацыянальныя санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да яго ў 2023 годзе. Яны ўключалі забарону на ўезд у краіны Шэнгенскай зоны, а таксама замарожванне актываў. Адпаведнае хадайніцтва паступіла ў МУСіА Польшчы ў снежні мінулага года.

Рашэннем міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі, апублікаваным 28 студзеня, у задавальненні хадайніцтва было адмоўлена.

Як вынікае з апублікаванага дакумента, Валянцін Байко дамагаўся адмены забароны на ўезд у Шэнгенскую зону, якая ў адпаведную сістэму SIS II была ўнесена Польшчай. Ён настойваў на незаконнасці рашэння польскага боку, а таксама на тым, што накладзеныя на яго санкцыі былі непрапарцыйнымі і дыскрымінацыйнымі, што парушае Еўрапейскую канвенцыю правоў чалавека і іншыя нарматыўныя акты. У хадайніцтве таксама прыводзіўся аргумент, што Байко не ўяўляе рэальнай пагрозы для бяспекі, паколькі не ўдзельнічае ў дзейнасці сілавікоў або забеспячэнні дзяржаўнай бяспекі. Акрамя таго, санкцыі парушаюць яго правы на прыватнае і прафесійнае жыццё ў сувязі з немагчымасцю перамяшчэння ў межах Шэнгенскай зоны, што перашкаджае ажыццяўленню прафесійнай дзейнасці.

Разгледзеўшы хадайніцтва, міністр унутраных спраў і адміністрацыі прыняў рашэнне адмовіць у яго задавальненні. У абгрунтаванні, у прыватнасці, указана, што ў якасці члена Савета Рэспублікі Байко пасля 2020 года ўдзельнічаў у прыняцці заканадаўчых актаў, “якія пашыраюць паўнамоцтвы беларускіх сілавікоў і гарантуць іх беспакаранасць, а таксама абмяжоўваюць правы грамадзян на публічныя пратэсты і крытыку дзеянняў уладаў і доступ да недзяржаўных крыніц інфармацыі”.

“Больш за тое, члены беларускага парламента ўдзельнічалі ў прыняцці прававых актаў, якія легітымізуюць больш жорсткую палітыку ўрада ў Мінску ў дачыненні да гістарычных пытанняў і дзейнасці нацыянальных меншасцей, якія беларускі рэжым выкарыстоўваў, сярод іншага, для дыскрэдытацыі Польшчы і Літвы як дзяржаў, якія нібыта імкнуліся ў мінулым да знішчэння беларускай нацыі. Такім чынам, парламенцкая дзейнасць Валянціна Байко фактычна ператвараецца ў рэальныя рэпрэсіі супраць беларускіх грамадзян і польскай супольнасці ў Беларусі”, — гаворыцца ў рашэнні МУСіА.

У ім таксама прыводзяцца іншыя аргументы ў падтрымку пазіцыі міністра, уключаючы наяўнасць Байко ў санкцыйных спісах іншых краін.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!