Беларусские флаги на киевском Майдане c именами погибших на войне беларусов. Иллюстративное фото: t.me/Hajun_BY
Петыцыя з заклікам змяніць заканадаўства Украіны і дазволіць прысвойваць званне Героя Украіны замежнікам і асобам без грамадзянства набрала неабходную колькасць подпісаў.
За зварот з гэтай прапановай да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на момант публікацыі матэрыялу прагаласавалі 25 099 чалавек пры неабходных 25 000 галасоў.
Нагадаем, ініцыятарам петыцыі стала Вераніка Яновіч — удава беларускага добраахвотніка Аляксея Лазарава, які загінуў 19 студзеня падчас выканання баявога задання ва Украіне.
Яна просіць кіраўніка дзяржавы ініцыяваць змены ў заканадаўстве, якія дазволяць замежным грамадзянам атрымліваць найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Украіны за абарону краіны.
Цяпер, згодна з украінскім заканадаўствам, званне Героя Украіны можа быць прысвоена толькі грамадзянам Украіны. Выключэнне прадугледжана для пасмяротнага ўзнагароджання замежнікаў за подзвігі падчас Рэвалюцыі годнасці.
У петыцыі адзначаецца, што пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі тысячы замежнікаў далучыліся да абароны Украіны. Паводле адкрытых ацэнак, больш за 1500 з іх загінулі. Пры гэтым яны не маюць магчымасці быць адзначанымі найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Украіны.
Аўтары заклікаюць Зяленскага і Вярхоўную раду прызнаць законапраект неадкладным і паскорыць яго прыняцце. У выпадку неабходнасці прэзідэнту прапануецца скарыстацца правам заканадаўчай ініцыятывы і ўнесці ўласны законапраект.