Песню ЛСП і барахолку ў Познані дадалі ў “экстрэмісцкія матэрыялы”
Рэдакцыя Reform.news · 27 жніўня 2026, 09:30
https://reform.news/be/pesnju-lsp-i-baraholku-poznani-dadali-jekstrjemisckija-matjeryjaly/Мінінфарм абнавіў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Паводле рашэння суда Наваполацка ад 24 жніўня ў яго дададзены “аўдыяфайл (песня) “Номера” гурта “ЛСП”.
Яшчэ адно папаўненне – Telegram-канал “Доска объявлений (Poznań) | Барахолка”. Яго змест экстрэмісцкім палічыў суд Ленінскага раёна Гродна. Таксама ў спіс дададзены бот “Admin_post_bot” гэтага канала.
Спіс, акрамя таго, папоўнілі:
- Telegram-канал “ДАР Волонтёры Польша” і яго бот “Связь с ДАР”,
- акаўнт у Telegram “непогрешимый” і яго лагатып, “які ўяўляе сабой выяву кветкі з пяццю пялёсткамі рознага колеру з надпісамі на іх: зялёны пялёстак з надпісам “NON VIOLENCE”, ружовы пялёстак з надпісам “TRUTH”, сіні пялёстак з надпісам “RIGHT CONDUCT”, аранжавы пялёстак з надпісам “PEACE”, бірузовы пялёстак з надпісам “LOVE”, з сарцавінай у выглядзе жоўтага сонца на блакітным фоне, у цэнтры якога размешчаны манумент у выглядзе кветкі”.
Нагадаем, абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца ў Беларусі для пераследу апанентаў Лукашэнкі і іншадумства ў цэлым.
