Reform.news

Пажар у Палескім запаведніку на тэрыторыі Украіны ахапіў 1200 гектараў

Рэдакцыя Reform.news · 10 мая 2026, 10:39

https://reform.news/be/pazhar-u-paleskim-zapavedniku-na-tjerytoryi-ukrainy-ahapi-1200-gektara/

У Палескім прыродным запаведніку ратавальнікі і лесаводы працягваюць ліквідацыю ляснога пажару, паведамляе Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях. Паводле стану на 17:00 9 мая агнём пройдзена 1200 гектараў. Распаўсюджванню пажару спрыяюць засушлівае надвор’е і рэзкія парывы ветру.

Да тушэння прыцягнутыя 374 чалавекі, з іх 253 ратавальнікі ДСНС. Асабовы склад ротуюць для бесперапыннага выканання работ. Супрацоўнікі тушаць асобныя ачагі ўзгарання, не дапускаючы далейшага распаўсюджвання агню. Маніторынг тэрыторыі і выяўленне ачагоў тлення вядзецца з дапамогай беспілотнікаў. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем, запэўнілі ў ведамстве.

Раней Галоўнае ўпраўленне па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Гомельскага аблвыканкама заяўляла, што ўзровень радыяцыйнага фону ў Гомельскай вобласці не перавышаны ў сувязі з лясным пажарам у Чарнобыльскай зоне ва Украіне.

Рэклама

Пакінуць адказ