Фото: facebook.com/p.dabravolski
Журналіст Павел Дабравольскі, прыгавораны да 9 гадоў пазбаўлення волі, будзе адбываць тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша “Позірк”. Раней паведамлялася, што Мінскі гарадскі суд вызначыў яму строгі рэжым, аднак гэтая інфармацыя была ўдакладнена.
Узмоцнены рэжым прадугледжвае тры кароткатэрміновыя і два працяглыя спатканні ў год, атрыманне трох пасылак і двух бандэроляў у год, а таксама штомесячныя выдаткі на прадукты і прадметы першай неабходнасці ў памеры пяці базавых велічынь — у 2026 годзе гэта 225 рублёў.
Павел Дабравольскі — былы журналіст Naviny.by. Раней ён супрацоўнічаў з рознымі незалежнымі выданнямі, падчас пратэстаў 2020 года яго затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці.
Дабравольскі з’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, але ў кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск. У студзені 2025 года яго затрымалі. Ён абвінавачваўся па ч. 1 арт. 356 КК аб здрадзе дзяржаве. Працэс праходзіў з 27 лютага па 6 сакавіка. Журналіст адмовіўся абскарджваць прысуд.