Ціханоўская: Канстытуцыя павінна быць не інструментам кантролю, а гарантыяй свабоды

Святлана Ціханоўская і яе дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька ў Дзень Канстытуцыі Беларусі, які адзначаецца 15 сакавіка, выказаліся пра тое, якой павінен быць Асноўны закон краіны.

Ціханоўская заявіла, што Канстытуцыя павінна абараняць слабога ад моцнага і грамадзяніна ад злоўжывання ўладай, а не служыць інструментам кантролю.

«Беларусам патрэбна Канстытуцыя, якая працуе ў рэальным жыцці, а не існуе толькі на паперы. Канстытуцыя, у якой права на свабоду слова, справядлівы суд і ўдзел у лёсе краіны не залежаць ад палітычнай кан’юнктуры. Канстытуцыя, якая не дазваляе нікому прыватызаваць дзяржаву і ператварыць часовы мандат у пажыццёвы кантроль. У якой ёсць сапраўдны падзел уладаў і абмежаванне паўнамоцтваў тых, хто кіруе», — падкрэсліла яна.

Лябедзька нагадаў, што беларуская дзяржаўная і прававая традыцыя мае глыбокія карані — яшчэ Статуты Вялікага Княства Літоўскага на стагоддзі наперад сталі ўзорам канстытуцыйнага права для іншых еўрапейскіх краін. Ён заявіў, што пасля рэферэндуму 1996 года асноўны закон перастаў быць рэальнай гарантыяй правоў чалавека.

«Праект Канстытуцыі новай Беларусі — гэта чарцяжы беларускага дома, у якім хочацца жыць. Дома для дзевяці мільёнаў грамадзян — бяспечнага, камфортнага і справядлівага. Беларусы заслугоўваюць не імітацыі народаўладдзя, а сапраўднага права выбіраць сваю будучыню», — адзначыў ён.

Праект Народнай Канстытуцыі вынесены на грамадскае абмеркаванне на платформе «Прастора».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!