Скриншо видео
Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян на перадвыбарным мітынгу рэзка адказаў на любімы аргумент Аляксандра Лукашэнкі, які ён часта адрасуе беларусам, чыноўнікам і нават партнёрам па ЕАЭС і СНД: вы нікому і нідзе не патрэбныя.
7 чэрвеня ў Арменіі павінны прайсці парламенцкія выбары. Нікол Пашынян цяпер фармальна знаходзіцца ў адпачынку. Ён з’яўляецца лідарам спісу кіроўнай партыі «Грамадзянская дамова». З-за перадвыбарнай кампаніі Пашынян не паехаў на саміт ЕАЭС, які сёння і заўтра праходзіць у Казахстане.
Як піша News.am, падчас мітынгу Пашынян вырашыў нагадаць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка публічна заяўляў, што дапамагаў Азербайджану, а таксама казаў, што Арменія нікому не патрэбная.
«Цяпер той жа чалавек кажа, што Арменія ідзе ў Еўрасаюз і актывізаваў тут свайго агента, каб скаваць Арменію, як гэта было да 2018 года.
Я скажу проста. Арменія не толькі не збіраецца выходзіць з ЕАЭС, але я адзіны чыноўнік, які адначасова ўваходзіць у два кіроўныя органы Саюза. Гэтыя рычагі я збіраюся выкарыстоўваць і буду выкарыстоўваць, каб Лукашэнка не змог выкарыстоўваць ЕАЭС супраць Арменіі.
Усе заявы, якія гучаць, — пустыя заявы. Тыя, хто выступае з такімі заявамі, не разумеюць, што яны капаюць магілу ЕАЭС.
Я пасля выбараў вярнуся, а ў будучым саміце прыме ўдзел выконваючы абавязкі кіраўніка ўрада, віцэ-прэм’ер Арменіі.
Я пасля 7 чэрвеня, у выпадку атрымання народнага мандата, вярнуся да працы, і вы ўбачыце, што ўсе трывожныя заявы будуць нейтралізаваныя.
Трохгаловая партыя вайны не разумее, што капае магілу ЕАЭС. Я раю ім сысці з гэтага шляху», — сказаў ён.
Пашынян таксама падкрэсліў, што Арменія не будзе спадзявацца толькі на аднаго саюзніка.
«Мы не будзем спадзявацца на адну дарогу, на аднаго саюзніка, на адзін трубаправод. У нас ёсць чыгунка з Захаду на Усход, раней адкрылася чыгунка Ахалкалакі — Карс, а да гэтага адкрылася чыгунка праз тэрыторыю Азербайджана.
Хутка адкрыецца TRIPP, праз нашу тэрыторыю пройдзе газаправод, мы за кошт гэтага транзіту будзем мець уласны газ. За гэты транзіт нам будуць плаціць газам. Мы будзем развіваць альтэрнатыўную энергетыку.
Пакуль Арменія зможа быць членам ЕАЭС і працягваць рэформы паводле еўрапейскіх стандартаў, мы будзем ісці гэтым шляхам. Як толькі надыдзе час зрабіць выбар, народ Арменіі зробіць гэты выбар. Мая вялікая заслуга ў тым, што ў народа ёсць альтэрнатыва, каб ніхто не змог казаць: “Каму патрэбная Арменія, куды яна дзенецца”.
Сёння Арменія становіцца скрыжаваннем міру. Арменія жыццёва патрэбная і Усходу, і Захаду, і Поўначы, і Поўдню. Усе гэтыя бакі павінны зрабіць найлепшую прапанову народу Арменіі, які і зробіць свой выбар. Мы больш не канфліктны тупік, мы скрыжаванне міру, у народа Арменіі ёсць выбар.
Я проста кажу: вы паводзіце сябе памылкова, робячы пагрозлівыя намёкі, бо ўжо нельга сказаць, што бульба на 7 драм падаражэла, і пасля гэтага ціск у народа Арменіі павялічыцца.
Арменія ўжо не краіна тысяч і дзясяткаў тысяч, а краіна мільярдаў і трыльёнаў. Гэта ўжо не абрабаваная вамі і вашымі партнёрамі краіна», — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што сёння Пашыняна на будучых выбарах публічна падтрымаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.