Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі ў калонію з турмы

Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі з жодзінскай турмы ў калонію №15 у Магілёве. Яго этапавалі туды 18 чэрвеня, паведаміла жонка журналіста Вольга Івашына ў тэлеграм-канале.

Сваякам Івашына даслалі з калоніі ліст, у якім праінфармавалі, што ўмоўна-датэрміновае вызваленне магчымае ў лютым 2030 года, а замена неадбытай часткі пакарання на больш мяккае — пасля студзеня 2029 года. Пры гэтым адзначаецца, што УДВ магчымае для асоб, «якія даказалі сваё выпраўленне», а замена — для асоб, «якія цвёрда сталі на шлях выпраўлення».

Таксама сваякам журналіста параілі весці перапіску з ім на рускай, а не на беларускай мове. Такая парада спачатку з’явілася ў чаце сваякоў палітзняволеных калоніі №15, а затым у асабістых паведамленнях Вольгі.

Дзяніс Івашын — гродзенскі журналіст, вядомы сваімі расследаваннямі пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю; скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» ў сілавыя структуры Беларусі.

У 2022 годзе яго прыгаварылі да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулаў аб умяшанні ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў і здрадзе дзяржаве. З чэрвеня 2023 года ён утрымліваўся ў жодзінскай турме.

Крыніца: https://t.me/dzianisivashyn
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!