Палітвязні, адкрыццё офіса дэмсіл і пытанні легалізацыі. Ціханоўская правяла шэраг сустрэч у Іспаніі

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Іспанію 6-8 красавіка правяла шэраг сустрэч з палітыкамі, паведамляе Офіс Ціханоўскай.

На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Педра Санчэсам абмяркоўвалася сітуацыя з беларускімі палітвязнямі, узаемадзеянне з ЗША, сітуацыя ва Украіне і адносіны беларускіх дэмсіл з украінскімі ўладамі, а таксама становішча беларусаў у Іспаніі.

«Прэм’ер выдатна ведае нашыя праблемы, і запэўніў мяне, што пазіцыя Іспаніі застаецца нязменнай. Іспанія выразна раздзяляе беларусаў і рэжым, Беларусь і Расію, будзе падтрымліваць тых, хто тут, у Іспаніі, знайшоў бяспечны прытулак. Мы шмат гаварылі пра палітвязняў, Украіну, адносіны з ЗША, і канешне, што яшчэ з Іспаніяй мы можам зрабіць разам», — заявіла Ціханоўская па выніках сустрэчы.

На сустрэчы са спікерам Сената Педра Раланам Ахеда гаворка ішла пра стварэнне парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», падтрымку палітвязняў і міжнароднае супрацоўніцтва. Бакі разгледзелі фармат супрацоўніцтва Беларусь — Венесуэла — Іспанія.

«Сёння мы пачулі, што Сенат Іспаніі адкрыты да супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і гатовы ўдзельнічаць у будучых парламенцкіх сустрэчах. Дзякуй Сенату Іспаніі і спікеру за падтрымку Беларусі — гэтая сустрэча паказала, што ў нас ёсць агульнае разуменне і гатоўнасць працаваць разам», — заявіла Ціханоўская.

З міністрам замежных спраў Іспаніі Хасэ Мануэлем Альбарэсам абмяркоўваўся ўклад Іспаніі ў Міжнародны гуманітарны фонд (краіна выдзеліла 50 тысяч еўра) і вырашэнне пытанняў апастыляў і даведак аб адсутнасці судзімасці. Асобна абмяркоўвалася пытанне афіцыйнага адкрыцця Офіса дэмакратычных сіл у Мадрыдзе. Пацверджана яго адкрыццё ў гэтым годзе. На пасаду кіраўніцы была намінавана Таццяна Марыніч.

Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!