Пакістан праз Беларусь будуе новую абаронную кааперацыю з Расіяй — індыйскія аналітыкі

Начальнік ВПС Пакістана падчас візіту ў Мінск правёў перамовы з кіраўніцтвам беларускіх узброеных сіл і Савета бяспекі. На думку аўтараў праграмы AXIS індыйскага выдання The Times of India, гэты візіт сведчыць пра фарміраванне новага абароннага супрацоўніцтва паміж Пакістанам, Беларуссю і Расіяй.

Як адзначаецца ў матэрыяле, Беларусь разглядаецца Ісламабадам не толькі як пастаўшчык узбраенняў, але і як партнёр па перадачы тэхналогій і сумеснай вытворчасці. Аўтары нагадваюць, што дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва на 2025–2027 гады прадугледжвае развіццё сумеснай вытворчасці, а не толькі закупкі тэхнікі.

У праграме гаворыцца, што Беларусь валодае развітай абароннай прамысловасцю, якая выпускае беспілотнікі, мікраэлектроніку, оптыка-электронныя сістэмы і цяжкія ваенныя шасі, а цесны саюз з Расіяй дае Мінску доступ да расійскіх тэхналогій.

«Ёсць і яшчэ адзін аспект, пра які кажуць значна радзей. Беларусь з’яўляецца адным з самых эфектыўных у свеце маршрутаў абыходу санкцый. Заходнія абмежаванні не змаглі спыніць расійскую ваенную машыну менавіта таму, што Беларусь служыць транзітным вузлом.

Тэхналогіі, якія немагчыма напрамую пастаўляць з Еўропы або Азіі ў Расію, часта праходзяць праз Мінск. Цяпер гэты калідор адкрываецца і для Пакістана. Гэта азначае, што Пакістан патэнцыйна зможа атрымліваць расійскія і кітайскія абаронныя тэхналогіі праз беларускія каналы паставак спосабамі, якія значна складаней адсочваць, уводзіць пад санкцыі і блакаваць», — сцвярджаюць аўтары матэрыялу.

Індыйскія аналітыкі лічаць, што супрацоўніцтва можа дапамагчы Пакістану стварыць уласную ваенна-прамысловую базу і знізіць залежнасць ад заходніх пастаўшчыкоў узбраенняў. Асаблівая ўвага надаецца беспілотным тэхналогіям: пасля канфлікту паміж Індыяй і Пакістанам у маі 2025 года Ісламабад, на думку аўтараў, імкнецца не толькі закупляць сучасныя беспілотнікі, але і наладзіць іх вытворчасць.

Пры гэтым у праграме адзначаецца, што сама Індыя таксама актыўна ўзаемадзейнічае з Беларуссю ў абароннай сферы. Аўтары нагадваюць пра ўдзел індыйскіх вайскоўцаў ў вучэннях «Захад-2025», закупку Індыяй беларускіх рэактыўных дронаў Berkut-BM і кантакты з беларускім холдынгам «БелОМА».

У AXIS робяць выснову, што сістэма ваенна-палітычных партнёрстваў у Еўразіі становіцца больш гнуткай, а Пакістан спрабуе паўтарыць мадэль дыверсіфікацыі абароннага супрацоўніцтва, якую раней рэалізавала Індыя.

Пры гэтым аўтары падкрэсліваюць, што пакуль гаварыць пра паўнавартасны стратэгічны саюз Пакістана, Беларусі і Расіі заўчасна: многае будзе залежаць ад аб’ёмаў перадачы тэхналогій, фінансавання і палітыкі Масквы ў адносінах з Нью-Дэлі і Ісламабадам.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!