Скриншот видео t.me/gai_minobl
У Мінскай вобласці міліцыя са стралянінай затрымала падазраванага ў выкраданні дзяўчыны, паведамляе УДАІ УУС Мінаблвыканкама.
У Слуцкім раёне Мінскай вобласці затрымалі мужчыну, падазраванага ў выкраданні чалавека. Як паведамілі ва УУС Мінскага аблвыканкама, у міліцыю звярнуўся мясцовы жыхар, які заявіў, што яго 18-гадовую знаёмую невядомы мужчына сілай пасадзіў у аўтамабіль і павёз у невядомым напрамку.
На месца выехалі супрацоўнікі мясцовага РАУС. Непадалёк ад аграгарадка Лучнікі нарад выявіў Opel, які падыходзіў пад апісанне, і падаў вадзіцелю сігнал аб спыненні. Аднак той праігнараваў патрабаванні і паспрабаваў уцячы, пасля чаго пачалася пагоня.
Падчас пераследу падазраваны знізіў хуткасць, чым скарысталася выкрадзеная дзяўчына — ёй удалося вырвацца і пакінуць аўтамабіль. Яе пасадзілі ў службовую машыну, пасля чаго міліцыянеры працягнулі пераслед.
“Вадзіцель не падпарадкоўваўся неаднаразовым законным патрабаванням міліцыянераў аб спыненні, ствараючы падчас руху рэальную пагрозу жыццю і здароўю грамадзян. Было прынята рашэнне выкарыстаць зброю”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
За рулём аказаўся 32-гадовы раней неаднаразова судзімы мясцовы жыхар. Сцвярджаецца, што ён паводзіў сябе неадэкватна і, паводле папярэдняй інфармацыі, знаходзіўся пад уздзеяннем псіхаактыўных рэчываў. Яго затрымалі і накіравалі ў ІЧУ, біялагічныя ўзоры адпраўленыя на экспертызу.
Распачата крымінальная справа за выкраданне чалавека.